Каждый обязан уважать и ценить труд хлеборобов и беречь хлеб

Общество

На мінулым тыдні зайшла ў адзін з магазінаў «Копеечка» і назірала, як жанчына нервова перабірала хлеб, прыглядалася, прынюхвалася да ўпаковак, штосьці незадаволена мармытала сабе пад нос і ўрэшце, нічога не выбраўшы, накіравалася да выхаду. Сёння ў магазінах выбар хлеба вялікі: на дражджах і бездраж­джавы, з вотруб’ем і кменам, гарбузовымі, сланечнікавымі, ільнянымі семачкамі, курагой, чарнаслівам, часнаком і нават з салам. Цана невысокая, але гэта не значыць, што даецца ён лёгка.

Падчас жніва ў полі даводзілася бываць часта. Бачыла, якімі намаганнямі намалочваецца кожная тона збожжа. Уборка зерневых і зернебабовых — самы напружаны час для аграрыяў. Але спраў і клопатаў па вырошчванні ўраджаю хапае круглы год: падрыхтаваць тэхніку да работы ў полі, восенню і вясной своечасова пасеяць збожжавыя, затым падкарміць і апраца­ваць пасевы супраць шкоднікаў. Жніво падводзіць вынік усіх этапаў сельгасработ. Мы часам забываем пра сапраўдны кошт хлеба, пра тое, што ў кожны бохан укладзена праца не аднаго чалавека. Тысячы людзей працуюць, каб вырасціць зерне, сабраць яго, змалоць і нарэшце спячы хлеб. А вось большасць з нас не задумваецца пра цану хлеба і яго вартасць.

Каждый обязан уважать и ценить труд хлеборобов и беречь хлеб

Мне нярэдка ўспамінаюцца расказы дзядулі, бацькоў пра тое, што для іх не было нічога смачнейшага за хлеб. На долю іх пакалення выпала ваеннае ліхалецце. Майму бацьку было 14 гадоў, калі немцы вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Арганізм падлетка пасля знясільваючай працы патрабаваў ежы. А кармілі баландой. Мама жыла ў акупацыі. У галодным 1946-м выжыць дапамагло тое, што на падворку былі карова і куры. Хлеб пяклі з мякіны, лебяды, крапівы, ляснога моху, дубовай кары…

Мяне з дзяцінства вучылі адносіцца да хлеба з вялікай пашанай: не браць такі кавалак, які не зможаш з’есці, не выкідваць яго. І цяпер часта з равеснікамі ўспамінаем, як, жывучы ў вёсцы, прыбягалі з вуліцы, адразалі скібу духмянай «цаглінкі», палівалі вадой, пасыпалі цукрам і зноў імчалі да сяброў. А якой смачнай была скарыначка хлеба! Мы, малыя, бывала, пакуль данясём тую ж «цаглінку» з магазіна, абгрызём з двух бакоў. Смакоцце непадобнае!

Людзі майго пакалення памятаюць, як бацька, вярнуўшыся з работы, даставаў з кішэні акрайчык хлеба, часам прыцярушаны махоркай, і частаваў ім дзяцей, расказваючы, што па дарозе сустрэў зайчыка і той перадаў такі пачастунак. Здаецца, лепшага гасцінца, чым зайчыкаў хлеб, не было.

Многія сёння хлеб увогуле не ўжываюць. А раней яму адводзілася асаблівая роля: без хлеба не абыходзіўся ні сціплы сняданак, ні будзённы абед, ні святочны стол. Хлебам-соллю заўсёды сустракаюць шаноўных гасцей. Хлеб лічыўся святыняй. Некаторыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны расказвалі, што выжыць у пекле вайны ім дапамог кавалачак хлеба святой Агаты, зашыты матуляй у адзенне. У католікаў гэта святая лічыцца апякункай ад пажару, няшчасцяў. У яе гонар 5 лютага асвячаецца хлеб, які беражліва захоўваюць дома і бяруць з сабой у дарогу.

…Жніво на Пастаўшчыне практычна завяршылася — камбайны пяці з васьмі гаспадарак пакінулі жніўныя палі, а хлебаробы працуюць на ўраджай наступнага года: вядуць ворыва глебы, рыхтуюць яе да сяўбы азімых. Кожны з нас абавязаны пава­жаць і цаніць працу ўсіх, хто шчыруе над вырошчваннем хлеба, і беражліва адносіцца да гэтага прадукту.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.