Пастаянныя пакупнікі магазіна «Хіт», што праз дарогу ад Дома рамёстваў у райцэнтры, ужо прывыклі бачыць за прылаўкам маладога, прыгожага, усмешлівага прадаўца. А я адразу ж пацікавілася ў юнака, чаму выбраў такую прафесію.
— Я не прадавец па прафесіі, а праграміст, — пачула ў адказ. — Проста абставіны склаліся так, што пакуль працую ў гандлі.
Ільі Баравому — 23. Вырас у Расонах. Закончыў Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж па спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Потым былі два гады службы ў арміі па кантракце і работа ў «Полацкэлектразбыце».
— А як трапіў у Паставы? — пытаюся.
— Каханне прывяло! — яшчэ больш асвятляецца ўсмешкай твар хлопца. — Праз сацыяльныя сеткі я пазнаёміўся з дзяўчынай з Пастаў, якая вучылася ў Полацкім педагагічным каледжы. Пачалі сустракацца — і прыйшло каханне. У мінулым годзе Лена атрымала дыплом і вярнулася ў свой горад на адпрацоўку. А як я застануся без яе? Вось і падаўся следам, хаця шкада было пакідаць Полацк, работу, сяброў.
Сёння Лена і Ілья разам. Дзяўчына як малады спецыяліст атрымала арэндную кватэру ў новым доме па Юбілейнай, працуе выхавальнікам у дзіцячым садку. А вось для юнака не знайшлося вакансіі па яго спецыяльнасці. Але ж не сядзець без работы! І ён па аб’яве прыйшоў у «Хіт».
Неаднойчы назіраючы за работай прадаўца, так і хацелася ўсклікнуць: «Віртуоз за прылаўкам!». Ён не толькі ветліва абслужыць кожнага, але і падкажа, які тавар лепш выбраць, усміхнецца, пажартуе. Я чула шмат найлепшых водгукаў пра Ілью Баравога, ды і гэты артыкул пішу па просьбе пакупнікоў. Але, як не дзіўна, не ўсім падабаецца яго стыль работы. Знаходзяцца і такія, каму не да жартаў і кампліментаў ад прадаўца, больш за тое — гэта іх раздражняе. Ну што ж, усе мы розныя. Таму і спытала ў хлопца, ці не выводзяць яго з раўнавагі незадаволеныя, занудлівыя пакупнікі.
— Не выводзяць! — адказаў упэўнена. — Навошта я буду псаваць сабе настрой і стаяць за прылаўкам букай?
— Ілья вельмі пазітыўны, — дадала Лена, якая прысутнічала пры нашай размове. — Яго харызма мяне і прывабіла.
Маладосць ёсць маладосць — ёй многае адкрыта. Хто ведае, як складзецца далейшы жыццёвы шлях Ільі Баравога, але пастаўчанам па-ранейшаму хочацца бачыць яго аптымізм.
Фаіна Касаткіна