Функцыянаваць заводская сталовая стала нядаўна. З гэтай нагоды на прадпрыемства завітаў з падарункамі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч.
— Хочацца падзякаваць дырэктару Алёне Юрынёнак за мэтанакіраванасць уплане паляпшэння ўмоў працы работнікаў, — гаварыў Васілій Уладзіміравіч. — Адкрыццё гэтага аб’екта ў Год якасці стала яшчэ адным крокам па павышэнні якасці быту льнозавадчан. Смачна і нядорага паабедаць тут можа кожны работнік завода.
Механізатараў, задзейнічаных на палявых работах, з ранняй вясны да позняй восені абедамі забяспечвалі пастаянна. Гатавалі іх работнікі бара «Папараць-кветка» Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства.
— Але людзі працуюць па зменах у цэху па перапрацоўцы льнотрасты, — расказвала дырэктар прадпрыемства Алёна Юрынёнак. — Праца фізічна нялёгкая. Чалавек павінен мець сілы, а значыць, добра харчавацца. Спецыяльнага пакоя для прыёму ежы на заводзе не было. Трэба было яго абсталёўваць. Таму вырашылі лепш адкрыць сталовую, каб у завадчан не балела галава пра тое, што ўзяць з дому на ссабойку, а кожны дзень мець свежы, каларыйны абед. Паколькі гатуем самі, павялічылі порцыі. Лічу, што і кошт абедаў прыймальны.
Пад сталовую пераабсталявалі склад. Праведзена вялікая работа па перапланіроўцы памяшкання, яго аддзелцы, закуплены неабходнае абсталяванне, посуд, мэбля. Мадэрнізацыя ажыццяўлялася за ўласныя сродкі. Справа новая, таму ўзнікала шмат арганізацыйных пытанняў. Па многіх з іх дырэктар раілася са спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, іншымі кіраўнікамі. Прыгадзіўся вопыт повара Анастасіі Гаршэнінай. Яна разам з Юргітай Шушкевіч цяпер штодня рыхтуе да 70 абедаў. Больш за 30 з іх дзве машыны дастаўляюць па двух напрамках механізатарам, занятым на прасаванні трасты, дастаўцы яе з поля ў шохі. Для гэтага закуплены тэрмасы, кантэйнеры.
Абедзенная зала сталовай разлічана на 40 чалавек. З 12.00 да 13.30 сюды збіраюцца работнікі бухгалтэрыі, механічнага цэха, спецыялісты і тыя, хто працуе ў першую змену. У 17 гадзін — абед для работнікаў другой змены.
— У народзе кажуць: добры работнік — гэта сыты работнік, — з усмешкай гаварылі Анастасія Гаршэніна і Юргіта Шушкевіч. — Таму стараемся.
— У новай сталовай апетыт асаблівы, — дзяліліся тыя, хто знаходзіўся тут падчас нашага наведвання. — Абед ва ўтульнай зале з сучаснай мэбляй дазваляе расслабіцца, аднавіць затрачаную энергію і пасля з новымі сіламі прыняцца за работу. Меню разнастайнае: наварыстыя гарохавы і фасолевы супы, расольнік, боршч, з мясных страў — плоў, гуляш, катлеты, смажаніна. Салаты з агародніны, чай, кампоты. Повары — майстры сваёй справы. Дзякуй ім за смачныя абеды, а дырэктару — за клопат пра людзей працы.
Адкрыю яшчэ адзін сакрэт: у планах кіраўніцтва і повараў — уласная выпечка.
Анна Анішкевіч