«Звярніце ўвагу на дом №13 па вуліцы Сонечнай у Сіўцах», — параіла мне старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько.
Яго гаспадыняй аказалася добра вядомая нам, журналістам раёнкі, Алена Букатая з будаўнічага прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі». Яна ўзначальвала брыгаду тынкоўшчыкаў, і падраздзяленне нязменна дабівалася поспеху. Алена — лаўрэат званняў «Чалавек года Пастаўшчыны» і «Чалавек года Віцебшчыны». Таму я вельмі здзівілася, пачуўшы, што летась яна развіталася з калектывам.
— 29 гадоў адпрацавала на будоўлі і вырашыла, што хопіць, — гаварыла жанчына. — Праца вельмі цяжкая, а я не маладзею. Хачу знайсці сабе прымяненне ў іншай сферы. Пакуль жа будую ў сябе дома.
Разам з мужам Анатоліем, які працуе вадзіцелем на пастаўскім участку АТП №16 г. Глыбокае, яна зараз пераабсталёўвае памяшканне, якое раней не ацяплялася, пад ванны пакой. У бліжэйшых планах — падключэнне электраацяплення.
— І будуць у нас, як у горадзе, усе зручнасці, — радуецца гаспадыня. — Дарэчы, і абедзве дачкі з сем’ямі купілі сабе дамы і вельмі радуюцца гэтаму. Жыць у шматпавярхоўцы і ва ўласным доме — вялікая розніца.
Што да Сіўцаў, то тут Алена і Анатолій набылі дачу 14 гадоў назад. Хата выглядала, мякка кажучы, па-старэчы. Веранда ўвогуле трымалася, падпёртая касавідлам. Узяліся за рамонт. Добра, што ўмеюць усё рабіць сваімі рукамі, грошы трацілі толькі на матэрыялы. Калі давялі дом да ладу, захацелася заставацца ў ім не толькі ў цёплую пару года, але і зімой. І яны не вярнуліся ў гарадскую кватэру.
З Пастаў да Сіўцаў усяго 8 кіламетраў, дарога заасфальтаваная. Непадалёк ад вёскі — возера. Таму жыллё тут запатрабаванае.
— Вось і некалькі месяцаў назад тут купіла дом мая былая калега па будоўлі Вольга Лысенка, — расказвала Алена Іванаўна. — Побач з намі жывуць Алёна і Саша Руткевічы. У іх вялікі агарод, маюць свой трактар, трымаюць свіней. Валерый Грусліс вырошчвае авечак. Можна назваць і многіх іншых, хто атрымаў тут у спадчыну дом або каго проста прывабілі Сіўцы, — месца ж цудоўнае! Сярод дачнікаў няма абыякавых людзей, усе гаспадараць на зямлі.
Але вернемся на Сонечную, 13. Гаспадары яшчэ не прымацавалі таблічку «Дом узорнага парадку», але з сельскага Савета яна ім ужо ўручана. І ёсць за што, бо тут сапраўды парадак як у доме, так і ля яго. У агародчыку мноства кветак, на градках — агародніны, у цяпліцы наспела столькі памідораў, што Алена не ведае, як паспець нарабіць з іх нарыхтоўкі на зіму.
З асаблівай любоўю гаспадыня расказвала пра кветкі, якіх з кожным годам разводзіць усё больш. А я прыкмячаю сярод іх фігуркі гномікаў.
— Наступным летам іх будзе сем, — дзеліцца Алена. — Вырабляю сама. Убачыла ў інтэрнэце, паспрабавала — атрымалася! Дык навошта траціць грошы па пакупку розных фігурак, калі не так складана вырабіць іх самой? А раней набытыя рэстаўрырую.
Яна рэстаўрыруе не толькі малыя архітэктурныя формы, але і мэблю. Пасля чаго тая выглядае як новая. Я гэта бачыла на свае вочы. А яшчэ Алена ўмее з кавалка сасновай кары і сухацветаў стварыць пано, са шпатлёўкі — арыгінальны дэкор сцяны, з падручных матэрыялаў — незвычайную паштовую скрынку. «На ўсе рукі майстар!» — жартуе. І ў гэтым жарце вялікая доля праўды. Шкадуе, што не атрымала мастацкую адукацыю і позна, у 45 гадоў, атрымала вадзіцельскія правы. Затое зараз у яе свая машына, у мужа — свая.
Некаторыя прымхлівыя людзі баяцца лічбы 13. Алена і Анатолій не з іх ліку. У доме пад такой лічбай шчасліва жывецца не толькі ім самім, але і двум чатырохногім сябрам — Сіндзі і Капрызу. Дарэчы, Капрыз зусім не капрызны, а спакойны і ласкавы. Гаспадары не разумеюць, чым ён каму не дагадзіў, што бедака прывезлі ноччу і выкінулі на сіўцаўскай вуліцы. Аднак сабачку пашчасціла — трапіў да спагадных і клапатлівых людзей.
А мне пашанцавала пабываць на вясковай прасторы і даведацца пра Алену Букатую не толькі як пра будаўніка, але і як пра руплівую гаспадыню.
Фаіна Касаткіна