Чэмпіянат Беларусі па футболе
«Полацк-2019» – ФСК «Паставы» – 3:1
Непрыкметна рэгіянальны этап чэмпіянату краіны ў 2-й лізе на Віцебшчыне выйшаў на фінішную прамую. Дзеючы чэмпіён і лідар першынства — віцебскі «Газавік» — чарговы тур прапусціў. Аднак пасля таго, як у мінулую суботу сенненцы саступілі дома ФК «Міёры-1» з лікам 3:6, віцябчане датэрмінова заваявалі першую пуцёўку на права змагацца восенню ў рэспубліканскім фінале. Перад нашай гульнёй «Гарадоцкія львы» атрымалі няпростую перамогу (3:2) над «Ураджаем» (Віцебскі раён) і засталіся ў барацьбе за бронзавыя медалі. Паядынак у Полацку займеў яшчэ больш важнае значэнне, і пасля стартавага свістка гаспадары вялікімі сіламі пайшлі наперад.
Нашы не чакалі, што сапернік арганізуе такі моцны націск, загуляе ў спёку на высокіх хуткасцях. На 7-й хвіліне спроба адказаць вострай контратакай завяршылася моцным стрэлам з вугла Уладзіміра Камісарчука. Яго ўдар варатар палачан перавёў на вуглавы. У далейшым гульня ў пастаўчан разладзілася: мяч не трымаўся, яны сталі прайграваць адзінаборствы. Пару разоў наш варатар Андрэй Чашун выратаваў каманду ад непрыемнасцей. Аднак на 15-й хвіліне ён дастаў мяч з сеткі, бо афрыканец з беларускім грамадзянствам Мустафа Усман не мог прамахнуцца з двух метраў. Неўзабаве сапернік зноў узламаў нашу абарону, і капітан палачан Яўген Галянькоў падвоіў лік на табло.
На перапынак нашы пайшлі ў зусім прыгнечаным настроі. Ужо ў дадатковы час партнёры па чарзе абыгралі чатырох пастаўчан, у штрафной пляцоўцы іх гуляючы трэнер Максім Катовіч без перашкод давёў лік да разгромнага — 3:0. Падчас адпачынку галоўны трэнер ФСК «Паставы» Васіль Грантоўскі знайшоў патрэбныя словы для падапечных. У другім тайме нашу каманду быццам падмянілі. Пастаўчане сталі перайграваць палачан, прыгожа атакаваць. На 59-й хвіліне наш капітан Кірыл Каралёнак пасля вуглавога па-майстэрску стрэліў здалёк — 1:3. Абароне саперніка стала ўсё цяжэй стрымліваць нашы атакі, а ў канцоўцы гаспадары зарабілі выдаленне.
Нашы былі блізкія да таго, каб адыграцца. На жаль, яўныя галявыя моманты не рэалізавалі Аляксандр Звяруга і Герман Чалей. На выездзе два супрацьлеглыя таймы згулялі Чашун (Бяляўцаў), Касенка, Голубеў (Хараў), Рогач, Маршын (Вілейта), Звяруга (Мядзведзеў), Ясюковіч (Абалевіч), Каралёнак (к), Пурлан (Пучынскі), Камісарчук, Чалей. Па графіку ў гэтыя выхадныя нашы не гуляюць. А за 4 туры да заканчэння папярэдняга раўнда ў групе А» каманды ідуць так: першы радок у турнірнай табліцы займае «Газавік» (Віцебск) (24 ачкі), другі — ФК «Міёры-1» (16 ачкоў), трэці — ФК «Сянно» (10), чацвёрты — «Гарадоцкія львы» (10), пяты — «Полацк-2019» (8; у палачан у запасе гульня з міёрцамі), шосты — ФСК «Паставы» (6), сёмы — «Ураджай» (Ноўка) (3). У суботу, 31 жніўня, пастаўчан чакае няпросты матч у абласным цэнтры з лідарам.
Уладзімір Шык