ФК «Міёры-1»–ФСК «Паставы» – 1:0
Гэты выязны матч для пастаўчан стаў рэпетыцыяй перад будучым галоўным паядынкам сезона — фіналам Кубка Віцебскай вобласці-2024, які адбудзецца сёння ў 16.00 на абноўленым стадыёне «Спартак» у Полацку.
У пачатку гульні пастаўчане выбралі тактыку адысці назад, пры першай магчымасці праводзіць імклівыя контратакі. І яна спрацавала: некалькі разоў нашы сур’ёзна патрывожылі абарону міёрцаў. Толькі высокае майстэрства іх варатара майстра спорту Ігара Даўгялы выратавала каманду ад узяцця варот пасля ўдараў Уладзіміра Камісарчука і Кірыла Каралёнка. У адной з камбінацый Аляксадр Звяруга накіраваў мяч у пустыя вароты, але цудам абаронца выратаваў сваю каманду.
Пасля перапынку пайшоў яшчэ больш адкрыты футбол, на сустрэчных курсах. Вострыя моманты сталі ўзнікаць па чарзе ля варот абедзвюх каманд. На апошнім рубяжы ў пастаўчан надзейна дзейнічаў Аляксей Бяляўцаў, які справіўся з двума моцнымі стрэламі экс-паўабаронцы БАТЭ Філіпа Рудзіка. Двойчы быў блізкі да поспеху наш апорнік К. Каралёнак, але ён, на жаль, не перайграў варатара, а затым мяч адбіла штанга варот.
Віцебскія суддзі пашкадавалі саперніка — не прызначылі пенальці, калі двойчы нашых збівалі ў штрафной. Матч набліжаўся да баявой нічыёй. Але на 84-й хвіліне адбылася драматычная развязка: здалёк магутна стрэліў з развароту ў верхні вугал вопытны нападаючы Яўген Лебедзеў і прынёс міёрцам няпростую перамогу.
Матч на выездзе годна згулялі Бяляўцаў, Касенка (Курыловіч), Пучынскі (Хараў), Голубеў (к), Маршын, Жылевіч, Каралёнак, Звяруга (Пурлан), Ясюковіч (Цыўнель), Камісарчук, Чалей. Астатнія матчы 8-га тура групы «А» прынеслі такія вынікі: «Газавік» (Віцебск)—«Ураджай» (Віцебскі раён) — 5:0, «Полацк-2019»—«Гарадоцкія львы» — 2:2. Ну а нашай камандзе жадаем паспяховага кубкавага фіналу!
Уладзімір Шык