Са мной мая «Волга» — так гаворыць былы старшыня калгаса «Дружба», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Баляслаў Шылько.
Якіх толькі машын не сустрэнеш сёння на дарогах Пастаўшчыны! Пераважна гэта іншамаркі. А ў двары дома Баляслава Півусавіча Шылько я ўбачыла «Волгу». І не прамінула пацікавіцца яе «ўзростам» і тэхнічным станам.
— Машыне 37 гадоў, але яна не саступае найноўшым мадэлям, — не без гонару зазначыў гаспадар. — На ёй можна адпраўляцца ў любую дарогу. Проста я ўжо не рашаюся выязджаць далей, чым у Мінск ці Віцебск. А ў Паставах усе знаёмыя ведаюць: дзе «Волга», там і Шылько, бо больш ні ў каго ў райцэнтры такой машыны ўжо няма.
А ў 1987 годзе, калі Баляслаў Півусавіч набыў «Волгу-24», машыну такой маркі, толькі 21-й мадэлі, мелі ў раёне ўсяго тры чалавекі: першы сакратар райкама партыі, старшыня райспажыўсаюза і старшыня калгаса «Кастрычнік». Удача ўсміхнулася Шылько пасля прыезду ў калгас «Дружба», які ён узначальваў, старшыні аблвыканкама Уладзіміра Кулакова. Ён уразіўся высокімі дасягненнямі гаспадаркі , умелым кіраўніцтвам старшыні і пажадаў зрабіць для яго што-небудзь карыснае.
— Старшыня аблвыканкама пацікавіўся, якая ў мяне асабістая машына. Пачуўшы, што «Масквіч», заявіў: «Сорамна старшыні перадавога калгаса ездзіць на такой машыне. Хочаш «Волгу» купіць?»
— Яшчэ б не хацець! — адказаў я.
— Значыць, праз тыдзень-другі прыедзеш у Віцебск забіраць.
І сапраўды, праз 10 дзён Баляслаў Шылько прыгнаў з аўтамагазіна ў абласным цэнтры жаданую машыну. Прадпрымальныя прадаўцы паспрабавалі развесці яго на дадатковую плату, ды не на таго нарваліся.
«Волга» хоць і не падораная, а набытая за ўласныя грошы, каштоўная для Баляслава Півусавіча не толькі ў матэрыяльным плане, але і ў маральным, бо сведчыць пра ўвагу да яго абласнога кіраўніцтва. А што да падарункаў і ўзнагарод за плённую працу, то сёння злічыць усе немагчыма. Толькі наручных гадзіннікаў — 23, самы дарагі ў прамым і пераносным сэнсе — ад Прэзідэнта краіны.
— А вось якая ўзнагарода для мяне найбольш кранальная, вы не здагадаецеся, — заінтрыгаваў мяне суразмоўца і прадоўжыў: — У 2000-м годзе ў раён прыехаў генерал-маёр, камандзір 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі Аляксандр Скачкоў і перад шматлікім актывам калгаса «Дружба» ўручыў мне юбілейны медаль, выпушчаны да 70-годдзя дэсантных войскаў, а таксама выказаў у мой адрас шмат цёплых падзячных слоў. І гэта пры тым, што адслужыў я ажно 35 гадоў назад…
Тут варта патлумачыць, што Баляслаў Шылько тэрміновую службу праходзіў у названай вышэй дывізіі. Ён, радавы салдат, з’яўляўся старшыной батарэі. Хіба не паказчык яго лідарскіх якасцей?
У дамашнім архіве Шылько цэлы стос Ганаровых грамат ад раённай да рэспубліканскай вартасці і стос газетных публікацый пра высокія вытворчыя дасягненні калгаса «Дружба», мудрасць і гаспадарлівасць кіраўніка. З 2014 года ён ужо не працуе, але людзі і сёння адзываюцца пра былога старшыню з бясконцай удзячнасцю.
— Давер людзей і з’яўляецца для мяне найвышэйшай узнагародай, — гаварыў Баляслаў Півусавіч. — Успамінаю выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі, якія праходзілі ў 1991 годзе. Па пастаўскай акрузе балаціравалася шэсць кандыдатаў у дэпутаты. Усе — вартыя, вядомыя людзі. Я не вельмі спадзяваўся на перамогу. І як жа прыемна было, калі абсалютная большасць выбаршчыкаў прагаласавала за мяне. Прычым не толькі вяскоўцы, але і гараджане.
Яму і зараз прыемна сустракацца з былымі спецыялістамі і радавымі калгаснікамі, прымаць віншаванні са святамі і віншаваць самому, гаварыць пра надзённыя справы цяперашняга ААТ «Камайскі-агра».
— Так хочацца, каб гаспадарка пайшла ўгару, — казаў Баляслаў Півусавіч. — Ведаю, што зрухі ў лепшы бок ужо ёсць.
Ну хіба можа сапраўдны гаспадар не перажываць за тое, што адбываецца на зямлі?!
Фаіна Касаткіна