23 жніўня – Дзень статыстыкі
Ва ўсім была ўзорам — так начальнік аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці Ганна Бялевіч гаворыць пра сваю папярэдніцу Ірыну Шамовіч.
— Ірына Мікалаеўна многаму нас навучыла. Карэктная з калегамі і рэспандэнтамі. Прыгожая ў размове, адзенні, паводзінах, — пачула я далей і цалкам згадзілася з характарыстыкай, бо сама даўно ведаю гэту абаяльную жанчыну.
А Ірына Мікалаеўна бянтэжыцца, калі ў якасці журналіста напрошваюся да яе на сустрэчу:
— Навошта пра мяне пісаць? Ужо 14 гадоў не працую…
Але ж ёсць што прыгадаць. У статыстыцы Ірына Мікалаеўна адпрацавала 33 гады, 8 апошніх — начальнікам аддзела. Да таго, як трапіць сюды, ужо мела значны вопыт работы. Працоўную дзейнасць яна, выпускніца Лужаснянскага сельгастэхнікума, пачынала ў Верхнядзвінскім раёне ў якасці агранома. Праз паўтара года вярнулася на родную Пастаўшчыну, і яе назначылі загадчыкам вытворчага ўчастка калгаса «Ленінскі шлях». Адказвала за 1 200 галоў жывёлы (дойны статак, цяляты на дарошчванні і адкорме). Давялося спасцігаць азы жывёлагадоўлі. А тэарэтычныя веды папаўняла на завочным аддзяленні Вялікалуцкага сельскагаспадарчага інстытута.
— У красавіку 1977 года мяне прынялі ў аддзел статыстыкі эканамістам. Займалася ўлікам нарыхтовак сельгаспрадукцыі, — узгадвала Ірына Шамовіч. — У раёне было больш за 40 калгасаў і саўгасаў. Гаспадаркі здавалі нарыхтоўшчыкам мяса, малако, бульбу, збожжа, агародніну. Прадукцыю вагонамі адпраўлялі ў Маскву і Ленінград. Мне даводзілася апрацоўваць тысячы квітанцый. Сёння гэта нават цяжка ўявіць, але мы карысталіся звычайнымі драўлянымі лічыльнікамі. З тэхнічных сродкаў у аддзеле былі толькі арыфмометры, пазней з’явіліся лічыльныя машынкі «Іскра», «Элка». І толькі ў 1993 годзе — невялічкі камп’ютар на 7 чалавек. Не без цяжкасцей асвойвалі яго, працавалі на камп’ютары па чарзе. Статыстычную справаздачнасць трэба здаваць строга па графіку, спазніцца нават на гадзіну недапушчальна. Акрамя таго, кожны квартал рыхтавалі для вобласці запіскі і даклады пра развіццё раёна. Таму ніхто з нас не лічыўся з часам: заставаліся ў аддзеле пасля рабочага дня, прыходзілі ў выхадны. Усе вельмі адказна адносіліся да работы. Наш аддзел з года ў год быў у ліку найлепшых у вобласці. Радуюся, што зараз у пастаўскіх статыстыкаў добрыя ўмовы работы, аддзел аснашчаны сучаснай тэхнікай. Разумею і тое, што нагрузка на іх застаецца высокай, але яны спраўляюцца.
Ірына Мікалаеўна менш за ўсё гаварыла пра сябе і найбольш — пра калектыў. Як пра той, які ўзначальвала, так і пра цяперашні. Ён сёння зусім невялікі. У штаце ўсяго 5 чалавек — Ганна Бялевіч, Галіна Вежан, Алена Зубкова, Кацярына Будзіч і Вольга Галубоўская. Кожная з іх — сапраўдны прафесіянал.
Тых, хто аддаў працы ў аддзеле многія гады, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, — 8. Акрамя Ірыны Шамовіч, гэта Людміла Драбовіч, Вольга Лаўнікоўская, Марыя Бердзімырадава, Марыя Ражко, Алена Федзіна, Эльвіра Палюлян і Галіна Мацюшонак. Ірына Мікалаеўна пастаянна на сувязі з былымі калегамі. Успамінаюць мінулае, абмяркоўваюць розныя падзеі, дзеляцца навінамі. Не забываюць іх і ў калектыве: ветэраны працы пастаянна адчуваюць увагу да сябе. Вось і на гэты раз былы і цяперашні начальнікі аддзела прасілі перадаць праз газету сённяшнім супрацоўнікам і ветэранам працы шчырае віншаванне з прафесійным святам. Перадаю! Як і галоўнае пажаданне здароўя і сямейнага дабрабыту.
Фаіна Касаткіна