7 камбайнераў і 6 механізатараў ААТ «Хацілы-агра» ўжо запісалі на свой рахунак больш чым па тысячы тон кожны.
У мінулым годзе званне тысячніка змаглі заслужыць многія хлебаробы Пастаўшчыны: ураджай быў багатым, намалоты раслі штодня, а разам з імі — і колькасць экіпажаў зернеўборачных камбайнаў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, якім пакарыўся ганаровы рубеж. Ва ўмовах сёлетняга жніва намалаціць або перавезці тысячу тон збожжа аказалася больш складана: колькасць убраных гектараў павялічвалася спарней, чым намалоты зерня з іх. А вось у ААТ «Хацілы-агра» спіс тысячнікаў папаўняўся ледзь не кожны дзень. Першымі сталі камбайнеры Мікалай Чашун, Аляксей Власаў і Валерый Ярашэвіч, сярод вадзіцеляў — бацька і сын Калінскія.
— Падножку ставілі дажджы, — расказваў вопытны камбайнер Андрэй Волк, які сёлета ўбіраў збожжавыя разам з дачкой Ульянай. — Нам да тысячы не хапала 9 тон. Здавалася, адзін рывок — і запаветны рубеж пакораны. Але не! За тры дні ледзь змаглі дабраць.
Найстарэйшы сярод камбайнераў — Мікалай Пабядзінскі. Тым не менш лідарства не саступае. Некалькі гадоў таму ў Хацілы з Міёрскага раёна перабраўся Аляксей Мароз. Хутка ўліўся ў калектыў і ўпэўнена трымае званне тысячніка. У атрадзе вадзіцеляў-тысячнікаў Мечыслаў Яморскі, Міхаіл Машара, Аляксандр Галубоўскі, Аляксей Іваноў.
Камбайнеры і вадзіцелі ААТ «Хацілы-агра», як правіла, убіралі збожжавыя на розных палетках, таму сабраць іх разам было немагчыма. Большасць прымалі віншаванні на жніўным полі, а хто і на тэрыторыі майстэрні. Уладзіміра Банькоўскага Васілій Катовіч перахапіў у 6 гадзін раніцы перад ад’ездам таго ў Браслаўскі раён, куды 6 хацілаўскіх камбайнераў адправіліся на дапамогу адной з гаспадарак. Да пачатку рабочага дня атрымалі дыпломы і прэміі механізатар Уладзімір Іваноў і камбайнер Арцём Чашун. Арцём, які першым у раёне сярод маладых камбайнераў набраў тысячу тон, прымаў віншаванні і ад БРСМ. Сёлета ён ажаніўся. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзеліла маладой сям’і добраўпарадкаваную кватэру.
— У нас усе механізатары старанныя, — гаварыў галоўны інжынер гаспадаркі Валерый Курто. — Існуюць розныя прычыны, якія перашкаджаюць дабівацца найвышэйшых вынікаў. Сашу Бучу, напрыклад, сёлета даверылі новы камбайн. Не ўсё ішло гладка з абкаткай. Цяпер ён убірае яравы рапс, і верагодна, што запіша на свой рахунак тысячу. Магчыма, на браслаўскіх палях удасца намалаціць яе і Міхаілу Субачу. Ілья Бароўка ў нашым калектыве навічок — прыйшоў з Кураполля. Але я ўпэўнены, што на наступны год ён таксама будзе ў атрадзе лідараў.
Высокая ўраджайнасць збожжавых, якую атрымліваюць у ААТ «Хацілы-агра», спрыяе тысячным намалотам. А словы падзякі і ўзнагароды — прыемны момант у бурлівым працоўным жыцці хлебаробаў.
Анна Анішкевіч