28 чэрвеня ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў. Пуцёўкі ў прафесію атрымаў 41 выпускнік.
— За плячыма — нялёгкія семестры, хваляванні перад экзаменамі, — гаварылі вядучыя мерапрыемства. — У галаве шмат пытанняў пра будучыню: як прымуць на першым рабочым месцы? ці дапамогуць вопытныя калегі?.. Але гэта будзе пазней. А сёння — выпускны.
Ва ўпрыгожанай па-святочнаму актавай зале сабраліся выпускнікі дзвюх груп, іх бацькі, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. У самастойнае жыццё адпраўляецца 21 повар, кантралёр-касір. Прычым дзяўчат з іх толькі 13, астатнія — хлопцы. Сельскагаспадарчая галіна папоўніцца 20 трактарыстамі-машыністамі, якія набылі яшчэ і спецыяльнасці слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, вадзіцеля. 15 чалавек атрымалі размеркаванні згодна з мэтавымі накіраваннямі.
З заканчэннем вучобы выпускнікоў павіншавалі дырэктар каледжа Сяргей Шамовіч, яго намеснікі Наталля Лятоха і Антаніна Кухальская. Новаспечаныя спецыялісты атрымалі дыпломы. Тыя, хто абараняў гонар каледжа на конкурсах і фестывалях, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, праявіў сябе ў спорце, узнагароджаны граматамі. Падзячныя пісьмы за годнае выхаванне дзяцей уручаны і некаторым бацькам.
Падчас дэманстрацыі фільма пра будні і святы сённяшніх выпускнікоў на працягу амаль трох гадоў вучобы ім успомніліся яркія моманты: рэпетыцыі святочных мерапрыемстваў, трэніроўкі перад спартыўнымі спаборніцтвамі, жыццё ў інтэрнаце.
Немагчыма словамі перадаць тую цёплую, сяброўскую атмасферу, якая панавала ў той дзень у каледжы. Твары выпускнікоў свяціліся ўсмешкамі, кожны з іх адрасаваў самыя шчырыя словы ўдзячнасці выкладчыкам, майстрам, куратарам. Ім уручылі кветкі і запрасілі на танец.
— Задаволены, што выбраў Пастаўскі дзяржаўны каледж, — гаварыў глыбачанін Данііл Падгорскі. — Прафесія повара запатрабаваная. Я буду працаваць у Браслаўскім раёне. Там праходзіў вытворчую практыку, мне спадабалася, папрасіўся туды і на работу. Час вучобы праляцеў хутка. Сцены каледжа сталі для мяне роднымі. У нас была дружная група. Мы з самага пачатку вучобы згуртаваліся і зразумелі, што праз творчасць, карпатлівую працу можна дасягнуць многага.
Данііл — пастаянны ўдзельнік усіх культурных мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў каледжы. Ён таксама адзначаны дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама за найлепшы відэаролік у акцыі «Заставайся свабодным».
— З настальгіяй буду ўспамінаць педагогаў-прафесіяналаў, цярплівых і клапатлівых куратара Алену Крэміс і майстра Наталлю Макруціну. Яны былі для нас нібыта мамы, укладвалі ў нас сэрца і душу, выхоўвалі годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Усё гэта цяжка пакідаць, — не хавала суму Вікторыя Феакцістава. — Але наперадзе самастойная дарога. І тыя веды, што мы атрымалі ў каледжы, будуць вельмі дарэчы.
— Часам было складана, часцей — цікава, — прызнаўся Дзмітрый Карандзей. — З дапамогай педагогаў мы ўсё пераадолелі і сёння трымаем у руках запаветныя дыпломы. Хачу параіць сёлетнім выпускнікам спыніць свой выбар на Пастаўскім дзяржаўным каледжы: вы пра гэта не пашкадуеце!
Установа праводзіць набор на спецыяльнасці слесара, трактарыста-машыніста, вадзіцеля, тэхніка-механіка, прадаўца, повара, кандытара, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў, на завочную форму навучання — на спецыяльнасць бухгалтара.
Адгучалі фанфары выпускнога. Але хлопцы і дзяўчаты не спяшаліся разыходзіцца: яны фатаграфаваліся з любімымі педагогамі, сябрамі і абяцалі, што апраўдаюць ускладзеныя на іх надзеі, а ў сценах навучальнай установы будуць частымі гасцямі.
Анна Анішкевіч