Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў краіне актыўна добраўпарадкоўваюцца аграгарадкі і пасёлкі гарадскога тыпу. На Віцебшчыне ў адпаведную дзяржаўную праграму, разлічаную на 2024—2025 гады, трапіла пяць населеных пунктаў. У іх ліку два — Варапаева і Лынтупы — нашага раёна. У Лынтупах масавае добраўпарадкаванне разгорнецца ў наступным годзе. На пераўтварэнні ў Варапаеве сродкі з абласнога і раённага бюджэтаў выдзелены сёлета, і зараз тут актыўна вядуцца работы.
Клопатна, але радасна
Заходжу ў Варапаеўскі сельвыканкам — і нібы на будаўнічую пляцоўку трапляю: тут ідзе рамонт.
— Ім займаецца брыгада індывідуальнага прадпрымальніка Ігара Бароўкі, — расказвае старшыня сельскага Савета Іна Касарэўская. — Работы вядуцца інтэнсіўна. У памяшканні з 2007 года не было рамонту, таму, безумоўна, ён патрабаваўся. А гэта — мадэрнізацыя санвузла, уцяпленне і афарбоўка сцен, ачыстка даху, замена вокнаў на гарышчы.
Хачу сфатаграфаваць будаўнікоў, але ім няма калі пазіраваць: усе цалкам пагружаныя ў работу. Тым часам разрываецца мабільны тэлефон Іны Генадзьеўны — гаспадыню сельсавета бесперапынна турбуюць па розных пытаннях, у тым ліку па ходзе рамонту.
— Работы вядуцца паўсюль, напружанне прысутнічае, але гэта радуе, бо ў лепшы бок мяняецца аблічча нашага пасёлка (а ў ім пражывае 2 328 чалавек), — зазначае Іна Генадзьеўна. — Існавала праблема аварыйных дрэў. Сёлета ў Варапаеве зрэзалі 22 самыя небяспечныя. Будзем і далей працаваць у гэтым кірунку. Вядзецца работа па афармленні, выдзяленні і продажы зямельных участкаў, зносе старых нежылых дамоў. А тое, што на многіх аб’ектах разгорнуты рамонт, бачыце самі.
На адных — асфальт, на іншых — падсыпка
Яшчэ летась быў пакладзены асфальт на вуліцах Вакзальнай і К. Маркса пры ўездзе ў Варапаева з боку Пастаў. З ранняй вясны работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» узяліся за асфальтаванне самай працяглай у пасёлку вуліцы — Ленінскай. Завяршыўшы работы на ёй, перайшлі на Гагарына, Ленінскі завулак і таксама «апранулі» іх у асфальт. Замянілі вадасцёкавую трубу на дарозе з боку Гуты, бо старая прыйшла ў непрыгоднасць і дарожнае палатно правальвалася. Запланавана таксама асфальтаванне вуліцы Пастаўскай, часткова — Кааператыўнай і Пралетарскай, якія знаходзяцца на балансе УП ЖКГ.
Зараз камунальнікі ўкладваюць бардзюры. Акрамя таго, яны будуць добраўпарадкоўваць дзве гульнёва-спартыўныя пляцоўкі для дзяцей у мікрараёне былога завода жалезабетонных вырабаў. Вось і на мінулым тыдні, калі я наведалася ў пасёлак, работнікі УП ЖКГ пад кіраўніцтвам майстра Генадзія Гінько ўкладвалі бардзюры каля будынка дзіцячага сада. Майстар не толькі кіраваў працэсам, але і сам спрытна арудаваў шуфлем.
Варапаеўцам, вядома, хацелася б, каб асфальт лёг на ўсіх вуліцах, але гэта нерэальна з-за яго дарагавізны. А вось падсыпаць дарогі пясчана-гравійнай сумессю, разраўняць ды прыкатаць магчыма. Такія работы ўжо праведзены на вуліцах Энгельса, Някрасава, Кірава. Падсыпка працягнецца.
Кантрасты
Наведалася ў некалькі магазінаў, мясцовае кафэ. Такія гандлёвыя аб’екты, як «Дабраном», «Нептун», «Натуральныя прадукты», «Почта-маркет» прывабліваюць людзей сучасным інтэр’ерам, багатым асартыментам тавараў, высокай якасцю абслугоўвання. А вось ад тых, якія знаходзяцца ва ўласнасці Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, застаецца гнятлівае ўражанне. Некаторыя будынкі гадамі пустуюць і прыходзяць у заняпад. Ды і ў тых, што яшчэ дзейнічаюць, як, напрыклад, магазін «Прадукты» па вуліцы Ленінскай, бедны асартымент тавараў, рамонт памяшканняў не праводзіўся, напэўна, не адно дзесяцігоддзе, несвоечасова абкошваецца ля іх тэрыторыя. За будынкам былога кафэ спілаваны, але так і не прыбраны аварыйныя дрэвы. Гэта вельмі псуе агульнае ўражанне ад пасёлка.
На ўсіх аб’ектах
Змены адбываюцца літаральна ўсюды. Возьмем, напрыклад, мясцовы Дом культуры. 100 тысяч рублёў з абласнога і раённага бюджэтаў запланавана на яго абнаўленне, і амаль усе яны ўжо асвоены. Адрамантаваны фасад, заменены дах, дзверы, падлога, столь, плітка ў фае, мадэрнізаваны санвузел, пафарбаваны сцены. Хаця яшчэ не ўсе работы былі выкананы, варапаеўцам падчас Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» прыемна было сустракаць замежных гасцей у абноўленым Доме культуры.
Яшчэ большая сума фінансавання — 550 тысяч рублёў — прадугледжана на рамонт Варапаеўскай СШ. Дырэктар навучальнай установы Віктар Жук расказваў:
— Запланавана замена водаправода і часткова каналізацыі, паколькі яны дзейнічаюць ужо 60 гадоў. Замянілі ўсе вокны і вонкавыя дзверы. Уставім 86 новых унутраных дзвярэй і распачнём афарбоўку сцен. У харчаблоку і ў сталовай мяняем плітку на сценах і падлозе. Столь будзе навясная. Мяняем выцяжку, абсталёўваем санвузел для работнікаў харчаблока. Даўкамплектавалі яго абсталяванне, і зараз маем усё неабходнае. Плануем рамонт туалета на першым паверсе. Устанаўліваем агароджу з сеткі-рабіцы даўжынёй 365 метраў па ўсім перыметры школьнай тэрыторыі.
Адбыліся або ў хуткім часе адбудуцца абнаўленні ў будынках паліклінікі і бальніцы, аддзяленні паштовай сувязі, дзіцячым садку і дзіцячай школе мастацтваў, бібліятэцы.
Дапамагаюць!
Варапаеўцы адчуваюць пастаянную ўвагу і падтрымку з боку кіраўніцтва раёна, у прыватнасці старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка, яго намеснікаў Станіслава Чымбурга і Паўла Станюша, старшыні райсавета дэпутатаў Юрыя Кісялёва.
— Аб’ём работ па добраўпарадкаванні пасёлка вялікі. Мы ўдзячныя як кіраўніцтву раёна, так і асноўным падрадчыкам — філіялу «Пастаўскае ДРБУ-132», КБУП «Рассвет Пастаўскі» — і субпадрадчыкам за іх вялікую работу, — гаварыла старшыня сельскага Савета, — а таксама кіраўнікам і калектывам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, размешчаных у гарпасёлку, якія актыўна далучыліся да агульнай справы добраўпарадкавання.
Іна Касарэўская адзначыла неабыякавасць многіх мясцовых жыхароў. Рупныя гаспадары дадаюць прыгажосці пасёлку мноствам кветак, дагледжанымі дварамі і агародамі. Падчас рамонту вуліц многія пасялкоўцы дапамагалі прыбіраць пясок ад тратуараў, каб вызваліць месца для ўкладкі асфальту. А прыватны прадпрымальнік Таццяна Ляшковіч за ўласныя сродкі паклала асфальт ля ўласных магазіна і кафэ.
У той жа час старшыня сельскага Савета гаварыла, што як ад кіраўнікоў дзяржаўных устаноў, так і ад індывідуальных прадпрымальнікаў і жыхароў хацелася б бачыць большую актыўнасць у навядзенні парадку ў пасёлку. Добрым прыкладам могуць служыць ініцыятывы жыхароў шматкватэрных дамоў, якія дбаюць пра прыгажосць агульных кветнікаў, пафарбавалі лаўкі каля сваіх пад’ездаў. Хацелася б, каб гэту эстафету падхапілі іншыя жыхары.
Павел Станюш, намеснік старшыні райвыканкама
У снежні 2023 года распараджэннем старшыні райвыканкама зацверджаны план добраўпарадкавання г.п. Варапаева. На гэту мэту з раённага і абласнога бюджэтаў выдзелена 2 млн 395 тысяч рублёў. Аднак агульная сума фінансавых укладанняў будзе значна вышэйшай, паколькі рамонт, абнаўленне фасадаў, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый прадугледжаны за сродкі ведамстваў, чые арганізацыі дзейнічаюць у пасёлку.
Па кожным аб’екце распрацаваны план работ, складзены каштарысы. Вызначаны падрадчыкі і субпадрадчыкі. Усе запланаваныя работы будуць завершаны да канца года. А ў 2025-м будзем добраўпарадкоўваць Лынтупы.
Фаіна Касаткіна