Удивительное рядом. Семья аистов обратилась за помощью к жителям г.п. Воропаево…

Важное Природа

Бусліха, вядома, не магла так сказаць, але сваімі паводзінамі дала гэта зразумець людзям. Такую гісторыю на днях мне расказала Вольга Шыцько з Варапаева.

Паўтара года назад жанчына вярнулася ў пасёлак, да старэнькай маці, з Санкт-Пецярбурга, дзе пражыла 11 гадоў. І зараз у родных мясцінах наталяецца зносінамі з блізкімі людзьмі і прыродай.

На іх утульным Чыгуначным завулку ўсяго 6 дамоў. Побач — чыгунка і рэчка. Яшчэ адна адметнасць — буслянка на электрычным слупе. Кожную вясну жыхары завулка з радасцю сустракаюць буслоў, потым назіраюць, як яны лятаюць, гадуюць птушанят, слухаюць прывычнае клекатанне. Адным летам бусляня упала на электрычны провад. Відавочцы выклікалі мясцовых ратавальнікаў. Тыя прыехалі, але выратаваць птушаня не паспелі. Сёлета таксама загінула адно: відаць, бацькі адчулі, што не змогуць пракарміць чацвярых, і выкінулі з гнязда найслабейшага. Жорсткі закон прыроды.

Удивительное рядом. Семья аистов обратилась за помощью к жителям г.п. Воропаево...

— Але, напэўна, і трох астатніх цяжка пракарміць, — расказвала Вольга. — Бо як зразумець, што бусліха (а ў тым, што гэта маці, не сумняваецца ніхто — аўт.) стала шукаць ежу ў людзей? Аднойчы я выйшла ў двор, азірнулася, а за мной смела крочыць бусел. Нават спужалася: хто ведае, што ён зробіць, можа, прыкладзецца даўжэзнай дзюбай. Я ў агарод — ён за мной, я да хлява — таксама не адстае, ступіла за веснічкі агароджы дома, а птушка застыла ля іх у чаканні. Безумоўна, хацела есці сама і накарміць дзетак. Вынесла ёй хлеб, батон, скуркі ад кураціны…

Вольга не першая стала падкормліваць бусліху. Яе частуюць Ірына і Міхаіл Борысы, Лідзія Сарокіна, Зоя Ярмоленка. «Меню» разнастайнае: макарона, кашы, булкі, мучныя бліны і дранікі, рыба. З задавальненнем фатаграфуюць «нахлебніцу», здымаюць відэа, назіраюць, як яна дзеліцца здабытым кормам са сваімі дзеткамі. Вось і для Вольгі і яе маці вялікая асалода з дня ў дзень нават з акна сваёй кухні назіраць за жыццём буслінай сямейкі.

Дзякуючы ў тым ліку і людской падтрымцы птушаняты ўжо добра-такі выраслі. Але станавіцца на крыло яшчэ не асмельваюцца.

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Вольга Шыцько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.