Пресс-тур. Ушачи: маленький поселок оставил в душе большой след

Общество

На мінулым тыдні ў райцэнтры Ушачы адбыліся абласная лятучка і прэс-тур для больш чым 30 прадстаўнікоў СМІ Віцебскай вобласці. Удзел у іх прынялі і супрацоўнікі «ПК» — галоўны рэдактар Людміла Зелянкевіч і карэспандэнт Крысціна Рубель. Нягледзячы на ​​тое, што пасёлак налічвае ўсяго 6 тысяч жыхароў, паглядзець і павучыцца там сапраўды было чаму.

Cпачатку – жывы дыялог

Сустрэча распачалася ў прасторнай зале для пасяджэнняў фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва-Ушачы». Трэба адзначыць, што гэты аб’ект выклікаў буру эмоцый ва ўсёй журналісцкай супольнасці. Сучасны двухпавярховы будынак агульнай плошчай амаль 6 тысяч квадратных метраў па сваёй функцыянальнасці не мае аналагаў ні ў адным сельскім раёне Віцебшчыны. Комплекс абсталяваны 25-метровым басейнам, шыкоўным кафэ, некалькімі спартыўнымі заламі, у якіх размешчаны сучасныя трэнажоры. Тут рэгулярна праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў. Што тут скажаш: пазайздросцілі белай зайздрасцю і пераключыліся на журналістыку.

На пасяджэнні прысутнічалі: памочнік Прэзідэнта, інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Навіцкая, а таксама прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і факультэта журналістыкі БДУ. Падчас двухгадзіннага пленарнага пасяджэння, якое прахо­дзіла ў дыялогавым фармаце, вызначыліся напрамкі, якім трэба надаць асаблівую ўвагу ў СМІ: больш расказваць пра людзей працы, адлюстроўваць на старонках газет не толькі адметныя, але і праблемныя зоны свайго рэгіёну. «Улада і СМІ павінны быць партнёрамі ў вырашэнні набалелых пытанняў грамадзян», — арыентаваў журналістаў Сяргей Ляўковіч. Журналісты абмяняліся паміж сабой вопытам развіцця сацсетак і «фішкамі» перадачы інфармацыі, расказалі, якія рубрыкі ў іх выданнях самыя папулярныя, зрабілі агульны здымак на памяць і адправіліся ў прэс-тур па гасціннай Ушаччыне.

Віталі, частавалі, часцей прыязджаць запрашалі

Адным з сімвалаў рэгіёну стала мінеральная вада «Вечалле», якую разліваюць у цэху Ушацкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Яна, а таксама 18 іншых найменняў напіткаў, у тым ліку газіраваная і негазіраваная вада, ліманад і фруктовыя напіткі, карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод мясцовых, але і жыхароў  іншых рэгіёнаў краіны. Цікава было прайсціся па прадпрыемстве, паназіраць за працэсам разліву, сартавання і ўпакоўкі напіткаў, пагутарыць з людзьмі, якія там працуюць. Прадэгуставаўшы гатовы прадукт, мы рушылі дыхаць сасновым паветрам у санаторый «Лясныя азёры», які знаходзіцца недалёка ад райцэнтра.

Як можна назваць зацішнае месца на беразе маляўнічага ляснога возера, куды людзі прыязджа­юць адпачыць і паправіць сваё здароўе з дапамогай медыцынскіх працэдур? Хіба што толькі рай! Але, падлічыўшы грошы ў кашальку, я зразумела: задавальненне гэта не з танных і надоўга тут застацца не атрымаецца. А калі сур’ёзна, то нас ужо чакалі на наступным прыпынку.

З раю ды ў самае пекла

Такое ўражанне склалася пасля наведвання музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка, заснаванага ў 1968 годзе. Унікальнасць яго ў тым, што ён быў адзіным музеем у СССР (і, трэба адзначыць, дагэтуль такім застаецца), які поўнасцю прысвечаны партызанскаму руху. 9 мая 1985 года к 40-годдзю Перамогі ён зайграў новымі фарбамі: стаў функцыянаваць у зусім новым будынку, дзе да таго тры гады вяліся работы па яго афармленні і стварэнні экспазіцый. Уявіце сабе: толькі манументальны роспіс сцен на адзіную тэматыку «У імя жыцця на зямлі» займае плошчу ажно 320 квадратных метраў, дзе намалявана 600 чалавек! Бачылі б вы тыя вочы… У іх адлюстроўваецца ўся жудасць і боль, з якой людзям прыйшлося сутыкнуцца падчас фашысцкай акупацыі… Аўтарам шэдэўральнай работы з’яўляецца беларускі мастак-манументаліст Уладзімір Крываблоцкі. Роспіс складаецца з пяці кампазіцый, у трох з якіх цэнтральнае месца адведзена постаці жанчыны, якая вынесла ўсе нягоды вайны на сваіх плячах. У сваёй рабоце мастак выкарыстаў два асноўныя колеры — чырвоны і чорны. Эпіграфам мастацкай задумкі сталі словы беларускага паэта Сяргея Законнікава, увекавечаныя вялікімі літарамі ў цэнтральнай частцы музея: «У праўды такая мерка, такія законы быцця — чорны колер — у смерці, чырвоны колер — жыцця». У самае сэрца, праўда?.. А колькі ўсяго сабрана ў экспазіцыйных залах! Ёсць што расказаць, паверце, але лепш з’ездзіце і паглядзіце самі. Запэўніваю: пасля ўбачанага і пачутага не застанецеся абыякавымі.

На 100-гадовае свята да народнага пісьменніка

Не маглі абмінуць мы і векавую дату з дня нараджэння літаратурнага генія Васіля Быкава, які сваёй творчасцю праславіў Ушаччыну, і з захапленнем наведалі сядзібу-музей яго сям’і. Як кажуць самі ўшачане, «Рассказваць пра пісьменніка — справа няў­дзячная. Яго трэба чытаць». Каб асвяжыць у памяці творчасць Быкава, работнікі культуры на пляцоўцы перад музеем праінсцэніравалі для нас кранальны ўрывак з аповесці «Сваякі», дзе маці спрабавала спыніць двух непаўналетніх сыноў, якія сабраліся ўцячы да партызан, і звярнулася па дапамогу да сваяка. На яе думку, той мог на іх неяк паўплываць і абразуміць… Вось толькі жанчына і ўявіць не магла, што вырашыць ён гэта пытанне ўсяго двума выстраламі…

Пасля прагляду інсцэніроўкі нас запрасілі ў сам музей. Нягледзячы на ​​тое, што сядзіба з’яўляецца навадзелам, цікава было разглядаць экспазіцыі. Там знаходзяцца дакументы, фатаграфіі, творы, копіі малюнкаў і асабістыя рэчы народнага пісьменніка. Мяне як жанчыну асабліва кранулі акенцы, якія ў тыя далёкія бедныя і шэрыя часы маці Васіля ўпрыгожвала з чаго магла… Нездарма кажуць, што галота на выдумку хітрая: беласнежная марля і ўзорныя выцінанкі з газет на іх дадаюць сядзібе неверагоднай душэўнай цеплыні.

Схілілі галовы, пераацанілі каштоўнасці

Апошнім прыпанкам прэс-тура стаў мемарыяльны комплекс «Прарыў», дзе пахавана больш за 450 партызан, воінаў Савецкай арміі і мірных жыхароў, якія загінулі пры прарыве варожай блакады. У знак вялікай пашаны да іх гераізму адбылася хвіліна маўчання і ўскладанне кветак. Упэўненая: у думках кожны з нас падзякаваў ім за мірнае неба і магчымасць убачыць Ушаччыну такой, якая яна сёння ёсць. Ад сябе дадам: нізкі паклон усім датычным за захаваную гістарычную памяць, гасціннасць і перажытыя эмоцыі.

На падвядзенні вынікаў высветлілася, хто пераймае эстафету абласной лятучкі ў наступным годзе. І хто б вы думалі?.. Паставы!

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.