Жніво — гарачы час для аграрыяў: вырашчаны ўраджай трэба ўбраць хутка і якасна. Любая дапамога ў гэты перыяд вельмі дарэчы. Гараджане не застаюцца ў баку ад уборкі зерневых і зернебабовых і ўносяць свой уклад у агульны каравай Пастаўшчыны.
З лясгаса на жніво ў якасці камбайнераў адправілі Сяргея Дунца і Віктара Патаровіча. Кіраўніцтва ААТ «Ярэва-агра» і «Сцяг Перамогі-агра» задаволенае камандзіраванымі.
— Камбайнерскія навыкі не забыў, — расказваў Віктар. — У канцы 90-х давялося ўбіраць збажыну на КЗС у Камаях. Камбайн, які далі ў Юньках, адрамантаваў і выехаў на ім у поле. Але няма таго дня, каб што не зламалася: як-ніяк машыне 12-ы сезон. Стараюся, каб хоць нейкую карысць прынесці гаспадарцы.
У «Дунілавічах-агра» на перавозцы зерня з поля на зернесушыльны комплекс гадоў сем дапамагаюць індывідуальныя прадпрымальнікі Леанід Кімбар і Анатоль Заруба. Яны выдзяляюць аўтамашыны, і на іх працуюць Іван Насевіч з Варапаеўскай дыстанцыі пуці і Мікалай Бадыгін з Дунілавіцкага сацыяльнага пансіяната. Садзяцца за руль і самі прадпрымальнікі, а таксама іх вадзіцель Дзмітрый Мурзёнак.
На палях ААТ «Кураполле-агра», «Ярэва-агра», «Камайскі-агра» шчыруюць ратавальнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Слабадзянюк, Валерый Пятроў, Дзмітрый Волк.
Хлебаробаў з ААТ «Янавіца-агра» выручаюць Станіслаў Іванковіч з сялянска-фермерскай гаспадаркі «Верас», індывідуальны прадпрымальнік Віктар Жукоўскі, вадзіцелі з малочнага завода і ДЭУ-33 Яўгеній Бяляўскі і Вадзім Нікітчанка. У ААТ «Камайскі-агра» на адвозцы збожжа дапамагаюць вадзіцелі Юрый Маляўка і Юрый Мажэйка з участка г. Паставы АТП №16 г. Глыбокае.
Анна Анішкевіч