З 1 ліпеня згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат» пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты грамадзяне ў Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах атрымліваюць толькі ў банку.
— У нашым раёне гэтыя змены закранулі амаль 500 грамадзян, — расказвала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Багушэвіч. — Права выбару атрымання пенсіі і іншых сацыяльных выплат праз аддзяленні паштовай сувязі або банкі захоўваецца толькі для грамадзян, якія дасягнулі 70 гадоў або пражываюць у сельскай мясцовасці, інвалідаў I і II груп.
Як успрынялі новаўвядзенне пастаўчане? Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася гэтым у некаторых з іх.
Усё новае я ўспрымаю пазітыўна. Як толькі атрымала пісьмо з просьбай аформіць картку ў банку, адправілася туды. Працэдура заняла няшмат часу. Ужо ў чэрвені пенсія была залічана на картку. Падключыла СМС-апавяшчэнне і, як толькі грошы паступаюць на рахунак, атрымліваю паведамленне. Тое самае і пры разліку ў магазіне, аптэцы — ведаю, колькі патраціла. Карыстацца карткай зручна: у дзень выплаты пенсіі не трэба сядзець дома і чакаць прыходу паштальёна.
На працягу пяці гадоў, што знаходжуся на пенсіі, мне яе прыносіла паштальён. Любіў патрымаць купюры ў руках, адкласці на адпаведныя расходы. Жонка з першага месяца выхаду на заслужаны адпачынак пенсію атрымлівае на картку. Мне ж гэта было незразумела, думаў, што няма ніякага кантролю над расходамі. Але выйшаў закон, і яго не абысці. Не цягнуў да апошняга — картку аформіў загадзя. За два месяцы карыстання ўбачыў перавагі такой паслугі. З вясны да восені шмат часу праводжу на дачы. Раней у дзень выплаты пенсіі заўсёды прыходзілася ехаць у горад. Здаралася, атрымліваў яе ў паштовым аддзяленні (трэба было выстаяць у чарзе). Цяпер, калі патрэбны наяўныя грошы, іду ў банк. Жонка настойвае, каб вучыўся карыстацца банкаматам.
Прызнаюся, адольвалі сумненні, ці змагу карыстацца карткай, што будзе, калі банкамат мне яе не верне. Аднак усё асвоіў хутка, бо няма нічога складанага. Картку выбраў з кэш-бэкам. Гэта значыць, што нейкі працэнт ад пакупак вяртаецца на рахунак. Прыбытак невялікі, але ўсё ж. Зручна, што ў магазін можна ісці без кашалька, што не згубіш рэшту, якую даюць капейкамі.