У чацвер вадзіцель ААТ «Навасёлкі-Лучай» Ігар Савуць і галоўны аграном гаспадаркі Алена Касцюк прывезлі на Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства Полацкага камбіната хлебапрадуктаў першую машыну пшаніцы і сталі першаадкрывальнікамі ў выкананні дзяржзаказу. Пшаніца залацістая, прыгожая. Тым не менш у лабараторыі хутка ўзялі пробы і праверылі зерне на колер, пах, заражанасць, вільготнасць. І далі заключэнне, што навасёлкаўская пшаніца адпавядае нормам. Галоўнае, што ўтрыманне ў ёй клейкавіны складае 30%. А гэта важны паказчык для выпечкі якаснага хлеба.
Хлебапрыёмнае прадпрыемства таксама падрыхтавала да прыёму збожжа сушыльную, вагавую, складскія памяшканні.
Аграрыі Пастаўшчыны запаўняюць збожжам уласныя засекі і актыўна ўключыліся ў выкананне плану дзяржзаказу.
Таццяна Андрэева, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама
Сёлета раёну неабходна ў лік дзяржзаказу нарыхтаваць 6 800 тон харчовай пшаніцы, 2 300 — рапсу і 350 тон піваварнага ячменю. Найбольшы план у ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай» (па 1 300 тон), «Камайскі-агра» (1 000 тон пшаніцы).
Па стане на 19 ліпеня на Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства Полацкага камбіната хлебапрадуктаў з гаспадарак раёна ўжо паступіла амаль 1 500 тон пшаніцы.
Анна Анішкевіч