На прошлой неделе Камаи облетела новость: на местной ферме дважды побывали волки

Важное Сельское хозяйство

На мінулым тыдні Камаі абляцела вестка: на мясцовай ферме двойчы пабывалі ваўкі. Першы раз загрызлі цяля вагой больш за 100 кілаграмаў на выгульнай пляцоўцы. Пасля  гэтага  жывёлу  для  бяспекі на ноч паставілі ў цялятнік. На дварэ — спякота, таму дзверы ў памяшканне не зачынялі, і драпежнікі праз некалькі дзён зноў прыйшлі па здабычу і разадралі дваіх  цялят. Здарылася  гэта тады, калі вартаўнік з аднаго будынка пайшоў паглядзець за парадкам у другі. Раніцай на бетонных плітах перад уваходам на ферму засталіся сляды ваўкоў — іх было некалькі. Кіраўніцтва ААТ «Камайскі- агра» звярнулася па дапамогу да паляўнічых.

— Паляванне на гэтага драпежніка вядзецца круглы год і лічыцца адным  з  найскладанейшых,  — расказваў дырэктар Пастаўскай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Дзімітрый Крук. — Воўк вельмі разумны і хітры, небяспечны і праніклівы.  У  яго  выдатныя  нюх  і  слых.  Умее  ўсё пралічыць і падпільнаваць ахвяру. Яго лягчэй здабыць зімой, калі можна высачыць па слядах.

Уладанні  нашай  арганізацыі — больш за 106 тысяч гектараў. За мінулы год знішчылі каля 40 ваўкоў. Сёлета — 7.

Воўк вельмі разумны і хітры, небяспечны і праніклівы. У яго выдатныя нюх і слых. Умее ўсё пралічыць і падпільнаваць ахвяру.

Па словах Дзімітрыя Крука, цяпер ваўкі пачынаюць выводзіць з логава і навучаць паляванню ваўчанят. Пакуль яны малыя,  бацькі прыносяць ім кавалкі мяса, даюць пазабаўляцца са здабычай, прывучаюць да яе паху. Калі падрастаюць, мацёрыя ваўкі прыцягваюць іх да палявання, затым вучаць браць след. Самыя перспектыўныя месцы для трэніровак — фермы, які знаходзяцца непадалёк лесу, хутары, дзе хатняя жывёла пасвіцца на прывязі. Гэта лёгкая здабыча для прыбылых (так называюць ваўкоў да года).

На  ёй  яны  вучацца  атакаваць, адточваюць навыкі. Паляванне на  гэтага  дзікага  звера  летам ускладняецца высокай травой, густымі хмызнякамі. Ваўкі з-за сваёй празмернай асцярожнасці не заўсёды ідуць нават на прынаду. На вабу лягчэй паляваць на маладых ваўкоў. Але далёка не ва ўсіх выпадках вынік бывае ўдачным. Паляўнічыя раяць вартаўнікам ферм, гаспадарам у перыяд, калі мацёрыя вучаць прыбылых  паляванню,  быць больш пільнымі, хатнюю жывёлу запіраць на ноч у памяшканне. А самі трымаюць палец на курку.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.