На полях ОАО «Камайский-агро» работают 9 комбайнов хозяйства и 1 New Holland молочного завода

Сельское хозяйство

Найбольшую плошчу зерневых і зернебабовых трэба ўбраць у ААТ «Камайскі-агра» — 4 255 гектараў. З іх 1 000 га займаў ячмень, 1 475 — азімая пшаніца і 1 110 — азімы рапс. У полі працуюць 9 камбайнаў гаспадаркі і 1 New Holland малочнага завода. На жніве задзейнічаны работнікі гаспадаркі, студэнты Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, сямейныя экіпажы і нават ветэраны аграпрамысловага комплексу.

Рупяцца маладыя

Укамплектаваць камбайны механізатарамі сёлета было складана. Кіраўніцтва раёна звярнулася па дапамогу да кіраўнікоў гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, у рэктарат БДАТУ. Студэнты гэтай установы вясной працавалі ў «Камайскім-агра». Зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку. Іх запрасілі прыехаць і на жніво. Згоду далі не ўсе. А вось другакурснікі Аляксей Калеснік і Іван Даніленка вырашылі паспрабаваць свае сілы. Ва ўніверсітэце ім пайшлі насустрач — дазволілі датэрмінова здаць сесію. І хлопцы зноў у Камаях. Нямала часу пайшло на рамонт камбайна. Урэшце выехалі ў поле.

На полях ОАО «Камайский-агро» работают 9 комбайнов хозяйства и 1 New Holland молочного завода

— У кабіну камбайна сеў першы раз, — расказваў Аляксей. — Устройства машыны вывучаў у Лельчыцкім дзяржаўным прафтэхліцэі. Але адна справа чытаць па падручніку, іншая — сваімі рукамі даводзіць да ладу тэхніку і працаваць на ёй.

— У нас тут ёсць вельмі добры і вопытны настаўнік — Мікалай Махонь, — прадоўжыў Іван Даніленка. — Дом, у якім жывём, стаіць па суседстве з ягоным. Васільевіч для нас і старэйшы сябра, і памочнік. Ён і падахвоціў паўдзельнічаць у жніве. З ім раіліся па многіх пытаннях, калі былі вясной у студатрадзе. І цяпер ён ахвотна дае слушныя парады, падказвае ў складаных сітуацыях.

Удзел у жніве для студэнтаў — выдатная школа. Будучыя інжынеры пакуль выконваюць абавязкі механізатараў: вучацца кіра­ваць камбайнам, аператыўна ліквідаваць паломкі тэхнікі. Набытыя навыкі спатрэбяцца ім праз пару гадоў, калі распачнуць прафесійную дзейнасць.

На полях ОАО «Камайский-агро» работают 9 комбайнов хозяйства и 1 New Holland молочного завода

Настрой у хлопцаў аптымістычны. Калі першы намеснік старшыні райвыканкама Гена­дзій Лютынскі пацікавіўся, ці намалоцяць тысячу, заўсміхаліся і адказалі: «А які камбайнер не марыць пра такі намалот? Бу­дзем старацца! Малаціць зерневыя падабаецца. А вось калі камбайн ламаецца, тады і настрой знікае. Спадзяёмся, будзе весялей, калі станем убіраць пшаніцу: разлікі на яе ўраджай добрыя».



Генадзій Лютынскі, першы намеснік старшыні райвыканкама:

Уборка ўраджаю — агульная справа. Тут няма свайго альбо чужога, толькі наша — тое, што пасля перапрацоўкі апынецца на стале ва ўсіх беларусаў. Удзячны ўдзельнікам жніва, што «ловяць» кожную пагодлівую хвіліну, шчыруюць на палетках з ранку да позняга вечара.



Стараюцца ветэраны

Іван Трацяк не адно дзесяцігоддзе ўбіраў збажыну, нарыхтоўваў кармы, выконваў іншыя сельскагаспадарчыя работы. Нават атрымаўшы права на льготную пенсію, прадаўжаў працаваць. Паўтара года таму звольніўся. Хапае спраў каля дома, па гаспадарцы, любіць парыбачыць. А сёлета завітаў да яго выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Камайскі-агра» Аляксандр Даніленка. Пагутарылі пра жыццё, здароўе, і Аляксандр Іванавіч папрасіў ветэрана дапамагчы на ўборцы. Той доўга вагаўся, але адмовіць не змог — не ў яго характары.

На полях ОАО «Камайский-агро» работают 9 комбайнов хозяйства и 1 New Holland молочного завода

З адданым хлебнай ніве вяскоўцам сустрэліся на ячменным полі ва ўрочышчы Асавы. Ён выгружаў з бункера ў прычэп аўтамабіля збожжа. На прапанову Генадзія Лютынскага сфатаграфавацца замахаў рукамі, маўляў, пра маладых пішыце, і хутка падняўся ў кабіну камбайна. Каб хоць крыху разгаварыць чалавека, папрасілася праехаць з ім разам.

У сераду камбайны ААТ «Камайскі-агра» працавалі ў дварчанскім і камайскім аддзяленнях. У той дзень з Генадзіем Лютынскім даехалі не да ўсіх. Але асноўнае жніво  наперадзе. Упэўненая, будуць сярод камайцаў і тысячнікі.

— Я ў майстэрню паеду, — сказаў заклапочана. — Паставіў новую запчастку, а яна і дня не паслужыла — выйшла са строю. Надвор’е сонечнае: толькі шчыраваць ды шчыраваць. А тут паломка — камбайн будзе прастойваць. Праз дзень-два сіноптыкі зноў прагназуюць дажджы…

Можна зразумець занепакоенасць патомнага хлебароба, які ў свой час дабіваўся высокіх намалотаў, пастаянна быў у лідарах раённага спаборніцтва. Івану Трацяку — 67. Ён з лёгкасцю падымаецца ў кабіну, упэўнена трымае штурвал камбайна. З узростам, можа, і прайшло імкненне да лідарства, а працавітаць, сумленнасць засталіся.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.