2024-ы для нашага горада юбілейны — яму спаўняецца 615 гадоў. З гэтай нагоды Пастаўская дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі рэалізуе праект «Паставы — мой горад і любоў». У яго рамках ужо адбыліся прэзентацыя кніжнай выставы «Горад, які прыдумаў Тызенгаўз», гісторыка-экалагічны рэйд «Наш край: гісторыя і сучаснасць» і гістарычны круіз «Горад маёй любові». Чарговым мерапрыемствам праекта стаў летні вернісаж «Паставы — горад майго натхнення», які разгарнуўся 25 чэрвеня каля бібліятэкі.
Стаць удзельнікам вернісажу мог любы жадаючы, хто праходзіў раніцай у аўторак па плошчы Леніна. Увагу гараджан — дзяцей і дарослых — прыцягвалі выстава карцін вучняў дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера і выступленне эстраднай студыі «Славія» пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай. На яркіх, маляўнічых работах юных мастакоў, створаных падчас пленэру, усе беспамылкова пазнавалі самыя вядомыя гістарычныя аб’екты горада: палац Тызенгаўзаў, домікі рамеснікаў, касцёл і царкву ў цэнтры Пастаў. Эстэтычнае задавальненне ад іх сузірання дапаўнялі юныя вакалісты, якія спявалі гімн любові нашаму гораду і краю. Апладысментамі ўзнагароджвалі прысутныя групы «Фа-дыез», «Фантазія» і «Канфеці», салістак Вераніку Шорац, Веру Іванову і Яну Запольную, падпявалі ім «Родны мой горад», «Малінаўку», «Гэта Беларусь» і іншыя вядомыя музычныя кампазіцыі.
У канву канцэрта арганічна ўпісалася віктарына, якую правяла вядучая вернісажу — бібліятэкар Людміла Сяменас. Усе, хто правільна адказаў на пытанні па гісторыі Пастаў, атрымалі салодкія прызы.
Зусім хутка праект, прысвечаны юбілею горада, прадоўжыцца шэрагам новых мерапрыемстваў.
У ліпені адбудзецца відэаэкскурсія «Горад над Мядзелкай-ракой», у жніўні — краязнаўчы квіз «Як ты ведаеш Паставы?»,у верасні — літаратурная гасцёўня «Паазерская сталіца, вечна ў сэрцы ты маім», у снежні — архітэктурная мазаіка «Паставы, занатаваныя ў стагоддзях».
Не прапусціце — будзе цікава!
Алена Шапавалава