У мінулыя выхадныя ў Прыдзвінні былі згуляны два матчы стадыі 1/4 фіналу абласнога кубкавага турніру, пераможца якога восенню пазмагаецца ўжо за рэспубліканскі трафей. Наша каманда найперш сачыла за падзеямі на футбольным полі ў Ноўцы, дзе «Ураджай» гуляў з аршанскім «Дарожнікам». Як і чакалася, фаварыты-аршанцы на выездзе павялі з перавагай у два галы. Але канцоўка сустрэчы выдалася напружанай, бо сапернікі адзін мяч адыгралі з пенальці. На большае ў іх не хапіла сіл, і ў паўфінале ФСК «Паставы» паедзе ў Оршу.
Яшчэ больш напружаным аказаўся матч у Міёрах, куды завітаў дзеючы чэмпіён вобласці — віцебскі «Газавік». Першымі вызначыліся міёрцы, але перад перапынкам яны прайгравалі віцябчанам (1:2). Затым пры падтрымцы сваіх балельшчыкаў ФК «Міёры» адыграўся, а на 89-й хвіліне здолеў вырваць перамогу з лікам 3:2.
Дзеючы ўладальнік Кубка Віцебскай вобласці ў гэтыя выхадныя зноў дома прыме ФК «Гарадоцкія львы» ў другой паўфінальнай сустрэчы. Потым пераможцы паядынкаў у Оршы і Міёрах разыграюць ганаровы абласны трафей. Пакуль невядома, дзе і калі пройдзе важны матч, але найлепшы клуб вобласці будзе прэтэндаваць на Кубак рэгіёнаў Беларусі і на тое, каб трапіць на адпаведны еўрапейскі турнір пад эгідай UEFA.
Уладзімір Шык