Падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на плошчы Перамогі ў Віцебску прайшла цырымонія занясення на абласную і гарадскую Дошкі гонару прадпрыемстваў і арганізацый, якія па выніках работы за мінулы год дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў.
Ва ўрачыстасцях удзельнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Павел Станюш і старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. Пастаўчанам ёсць чым ганарыцца: сярод 40 прадпрыемстваў Віцебшчыны, занесеных на абласную Дошку гонару, і наша камунальнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі». Адпаведнае пасведчанне дырэктар прадпрыемства Альфрэд Малец атрымаў з рук старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна.
Аб’ём выкананых работ — галоўны паказчык у рабоце будаўнікоў. Калектыў другі год запар пацвердзіў свой прафесіяналізм і займае лідзіруючую пазіцыю ў вобласці. Летась «рассветаўцы» працавалі не толькі ў нашым раёне, але і ў Шаркаўшчынскім, Докшыцкім. Сёлета рукі пастаўскіх будаўнікоў запатрабаваныя на ўзвядзенні трох сучасных малочнатаварных комплексаў ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Кураполле-агра» і малочнага завода, дома сямейнага тыпу ў райцэнтры, новага корпуса ЦРБ, іншых аб’ектаў.
Анна Анішкевіч