Добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц і мікрараёнаў кожны год асабліва актывізуецца напярэдадні Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Прадаўжаецца яно і пасля яго. Праехаўшы па горадзе, можна ўбачыць, што зрабілі і робяць работнікі камунальнай, дарожнай службаў.
Вуліца Марата Казея ў райцэнтры была праблемнай падчас вясенняй паводкі і моцных дажджоў, калі рэчка перапаўнялася вадой і выходзіла з берагоў, затапляла дарогу. Нядаўна работнікі УП ЖКГ паднялі вадасцёкавую трубу, навезлі на гэты ўчастак дарогі старога асфальту, засыпалі гравіем. Пазней дарожнікі ДРБУ-132 пакладуць тут асфальт.
У хуткім часе стане зручна хадзіць і ездзіць каля дома №3 па вуліцы Юбілейнай. На планавае добраўпарадкаванне мікрараёна з раённага бюджэту выдзелены сродкі. Ідзе іх асваенне. Тут ужо ўбраны пласт старога асфальту і будзе пакладзены новы, установяць бардзюры. Папрыгажэе і тэрыторыя каля дамоў №№1 і 12 па Юбілейнай, а таксама ў мікрараёнах 5 гарадка і МСО.
Змяніўся ўчастак вуліцы 17 Верасня ад плошчы Леніна да плошчы Камсамольскай: тут камунальнікі ўстанавілі новую металічную агароджу. У наступным годзе работы будуць прадоўжаны. Толькі б не пашкодзілі нядобрасумленныя грамадзяне абнову (такое было па вуліцы Чырвонаармейскай). Шкада, што людзі не цэняць прыгажосць і парадак, тое, на што затрачаны немалыя фінансавыя сродкі.
Калі бачу новыя аб’екты для адпачынку, мяне хвалюе адно: ці доўга ўсё гэта паслужыць? Нярэдка назірала, як падлеткі з нагамі забіраліся на арэлі, лавачкі, скакалі па іх. Такімі паводзінамі яны псавалі знешні выгляд аб’ектаў. Крыўдна, што так адбываецца.
Давайце берагчы ўсё, што зроблена для нас!
Анна Анішкевіч
Фота Крысціны Рубель