У разгары лета. І многія стараюцца максімальна нацешыцца спякотнымі сонечнымі дзянькамі — уволю накупацца і як след загарэць. Пры гэтым забываюць пра тое, што, падвяргаючы сваю скуру празмернаму сонечнаму ўздзеянню, рызыкуюць зарабіць анкалогію.
— Рак скуры ва ўсім свеце, і Беларусь не выключэнне, займае першае месца сярод усіх анкалагічных захворванняў, — папярэджвае ўрач-анколаг Пастаўскай ЦРБ Дзіна Трава. — Штогод у Пастаўскім раёне выяўляецца больш за 30 яго выпадкаў. Ён бывае розны: як лёгкапрацякаючы — базаліёма, так і агрэсіўны — меланома. На шчасце, меланома сустракаецца рэдка. Але гэта самая агрэсіўная пухліна, яна хутка дае метастазы і ў некаторых выпадках дрэнна паддаецца лячэнню.
Меланома ўтвараецца пры перараджэнні клетак меланацытаў, якія ў нармальным стане знаходзяцца пераважна ў скуры і выпрацоўваюць пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання пігмент меланін. Колькасць гэтых клетак і пігменту, які яны прадуцыруюць, вызначаюць колер скуры чалавека. Меланацыты ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца ў невусах, якія ў быце называюць радзімкамі. Таму меланома можа развіцца і з гэтых дастаткова бяскрыўдных утварэнняў, якія ёсць у большасці людзей. Да яе развіцця прыводзяць таксама сонечныя апёкі.
— Яны асабліва небяспечныя для дзяцей і падлеткаў, таму што маюць накапляльны эфект, — кажа Дзіна Пятроўна. — І з узростам людзі, у якіх у дзяцінстве часта былі апёкі, могуць сутыкнуцца з меланомай.
Як пазбегнуць гэтага і ў той жа час не адмаўляць сабе ў сонечных ваннах?
— Калі вы светласкурыя і любіце загараць, выкарыстоўвайце спецыяльныя крэмы з фільтрамі, — раіць спецыяліст. — Загарайце ў пэўны час: да 11 гадзін і пасля 16-ці. Калі ў вашых родных: бацькоў, братоў, сясцёр — ёсць схільнасць да новаўтварэнняў на скуры, будзьце асцярожныя і вы: старайцеся доўга не знаходзіцца пад сонцам, насіце капелюшы, панамы, адзенне з доўгім рукавом. Адпраўляйцеся на адпачынак у спякотныя краіны восенню, калі сонца не такое актыўнае, і не бярыце маленькіх дзяцей у краіны з павышаным узроўнем ультрафіялетавага выпраменьвання: Егіпет, Туніс, Іспанію, Кубу і інш.
Алена Шапавалава