Як ніколі шырока адзначыла Пастаўшчына галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці, якое сёлета супала з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілейнай даты, распачаліся напярэдадні 3 ліпеня. А непасрэдна ў гэты дзень адбыліся асноўныя ўрачыстасці.
Ушанавалі ветэранаў, вязняў і загінулых
Раніцай у аўторак з плошчы Леніна ў Паставах стартаваў аўтапрабег па месцах воінскіх пахаванняў. Дзве групы ўдзельнікаў у складзе прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый, воінскіх фарміраванняў, устаноў і прадпрыемстваў горада адправіліся па маршрутах у бок Варапаева і Лынтуп з прыпынкамі там, дзе ёсць магілы франтавікоў і партызан, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Да кожнай магілы ўсклалі кветкі ад удзячных нашчадкаў, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, у некаторых населеных пунктах адбыліся ўрачыстыя мітынгі.
Тым часам намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў, ваенны камісар раёна Мікалай Кулік, галоўны рэдактар тэлеканала «Паставы ТБ» Юлія Лазікевіч, якая з’яўляецца памочнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Сергяенкі, старшыня райсавета ветэранаў Ганна Літвіновіч і дырэктар ТЦСАН Марыя Курто наведалі адзінага ў Паставах ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Барыса Сямашку і былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Пажадаўшы ім моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця, уручылі ўсім юбілейныя медалі «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», віншавальныя пісьмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кветкі і прадуктовыя наборы. А Барысу Сямашку — яшчэ і персанальнае віншаванне ад дэпутата парламента Ігара Сергяенкі са словамі падзякі за ўклад у Вялікую Перамогу, аднаўленне рэспублікі ў пасляваенны перыяд і актыўную грамадзянскую пазіцыю сёння.
Не забылі і пра тых вязняў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці.
Крыху пазней у раённым краязнаўчым музеі адкрылася часовая экспазіцыя «Рэспубліка Беларусь ХХІ стагоддзя». Яна створана пераважна з фотаздымкаў, на якіх адлюстравана развіццё Пастаўшчыны з пачатку 2000-х гадоў да цяперашняга часу. Расказаўшы пра тое, чаго дасягнуў наш раён за гэты перыяд у розных сферах, навуковы супрацоўнік музея Ларыса Фень канстатавала: усе здзяйсненні адбываліся пры непасрэдным удзеле Юрыя Кісялёва, які больш за 10 гадоў займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама. А затым дала яму слова. Юрый Мікалаевіч падзякаваў калектыву музея за вялікую работу па сістэматызацыі найноўшай гісторыі, якая застанецца для нашчадкаў, і заўважыў:
— Правільна, што прымеркавалі адкрыццё экспазіцыі да Дня Незалежнасці. У гэты дзень мы павінны гаварыць не толькі пра слаўнае мінулае, гераічны подзвіг дзядоў і прадзедаў, якія адстаялі нашу свабоду і незалежнасць, але і пра тое, што робім сёння самі, каб іх захаваць. Дваццаць першае стагоддзе паказала абгрунтаванасць сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца Прэзідэнтам Беларусі. Узяты краінай курс апраўданы вынікамі нашай работы.
Пад мірным небам Беларусі
Трэцяга ліпеня для нашай рэспублікі — асаблівая дата, якая з’яўляецца сімвалам свабоды і міру, мастком паміж мінулым і будучыняй. Дзень Незалежнасці аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў і прафесій, якія памятаюць гісторыю краіны, з вялікай павагай і ўдзячнасцю ставяцца да тых, хто адстаяў для нас права жыць на роднай зямлі. Гэта ў чарговы раз даказаў урачысты мітынг «Пад мірным небам Беларусі», сабраўшы ў скверы на плошчы Леніна сотні гараджан: ваеннаслужачых і прадстаўнікоў іншых сілавых ведамстваў, кіраўніцтва раёна, работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, сведкаў ваенных падзей і моладзь.
Віншуючы ўсіх са святам, Станіслаў Чымбург адзначыў: у ім зліліся ў адно цэлае вялікія і па-сапраўднаму святыя паняцці — вызваленне, Перамога і незалежнасць. Намеснік кіраўніка раёна нагадаў, што наша рэспубліка была вызвалена ў ходзе стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», назваў пайменна Герояў Савецкага Саюза, якія праявілі мужнасць і гераізм у баях за Пастаўшчыну.
Мы схіляем галовы перад гераічным подзвігам пераможцаў і дзякуем ім за магчымасць жыць у мірнай і вольнай краіне. Наш абавязак – захаваць гістарычную праўду, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне і абараняць сваю Радзіму.
Станіслаў Чымбург
Станіслаў Уладзіміравіч заклікаў моладзь памятаць пра цану Перамогі і незалежнасці. Заўважыў, што сёння ад грамадзянскай адказнасці кожнага маладога чалавека залежыць будучыня Беларусі. Пажадаў усім пастаўчанам мірнага неба над галавой, і каб галоўнае дзяржаўнае свята заўсёды выклікала пачуццё гордасці за любімую краіну, надавала сіл у пераадоленні любых цяжкасцей і ўпэўненасці ў шчаслівай будучыні.
Са словамі віншаванняў да землякоў звярнуўся таксама намеснік камандзіра вайсковай часці 74384 Уладзіслаў Бараноўскі. Ён падкрэсліў, што незалежнасць нашай краіны заснавана на заслугах старэйшага пакалення, і сёння, ва ўмовах нарастання глабальнай напружанасці, Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь надзейна забяспечваюць ваенную бяспеку дзяржавы, годна працягваючы слаўныя традыцыі пакалення пераможцаў.
Будучыню незалежнай Беларусі будаваць маладым. На іх ляжыць вялікая адказнасць за захаванне міру і гістарычных каштоўнасцей.
— Моладзь Пастаўшчыны ганарыцца подзвігам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы ніколі не забудзем тых, хто аддаў жыццё за нашу шчаслівую будучыню, адраджаў з попелу спаленыя вёскі і аднаўляў з руін разбураныя гарады. Абавязуемся праслаўляць Беларусь і даказаць усім, што беларусы — мужны і бясстрашны народ, які ўсім сэрцам любіць сваю Радзіму, — запэўніў навучэнец СШ №1, член Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Аляксандр Вірбал.
Сугучнай яго словам была песня «Устанем!» папулярнага расійскага спевака SHAMAN, якую пранікнёна выканала ў беларускамоўным варыянце дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Ганна Цыбулёнак.
У гонар усіх, хто загінуў, набліжаючы Перамогу, прагучаў збройны салют, іх памяць прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Да брацкіх магіл на плошчы Леніна і па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры ляглі вянкі і жывыя кветкі. Ваенны камісар раёна Мікалай Кулік уручыў юбілейныя медалі «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» тым малалетнім вязням, якія змаглі прыйсці на мітынг. Затым са сквера ўсе перамясціліся да ўстаноўленай перад райвыканкамам сцэны, дзе адбыліся тэатралізаванае прадстаўленне і канцэрт «Беларусь — гэта імя перамог».
Яшчэ да пачатку мітынгу на плошчы разгарнуліся тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі «Дарогамі партызанскай славы», падрыхтаваныя ўстановамі і арганізацыямі горада. Імправізаваныя партызанскія лагеры і медсанчасці выклікалі вялікі інтарэс у пастаўчан, многія фатаграфаваліся з самадзейнымі акцёрамі. Не меншай папулярнасцю карысталіся і пляцоўкі на колах, якія ўдзельнічалі ў прадстаўленні. Выязджаючы па чарзе да сцэны, яны «расказвалі» гісторыю Вялікай Айчыннай ад апошняга перадваеннага дня да Вялікай Перамогі, услаўляючы подзвіг партызан, франтавікоў, медработнікаў. Рэалістычнасці тым падзеям надавалі акцёрская ігра ўдзельнікаў тэатралізацыі на машынах і побач з імі, музычнае і дыктарскае суправаджэнне. Пагружэнне ў эпоху было настолькі глыбокім, што многія гледачы не маглі стрымаць слёз.
Цікавымі былі і парад спецыялізаванай тэхнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, вялікі святочны канцэрт. У ім прынялі ўдзел найлепшыя мастацкія калектывы Пастаўшчыны і індывідуальныя выканаўцы. Работнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі літаратурна-інтэрактыўную пляцоўку «Дзень памяці. Дзень гордасці. Дзень Незалежнасці».
Вечарам святочную эстафету падхапіла студыя «Графф», якая прадставіла канцэртную праграму «Мой край». Працягам стала маладзёжная акцыя «За цябе сэрцам, Беларусь» з удзелам эстрадных выканаўцаў раёна. А завяршылася святкаванне рэспубліканскай акцыяй «Спяём гімн разам».
Больше фото в группах в ОК и ВК
Видеомоменты праздника можно посмотреть в соцсетях «ПК»
Алена Шапавалава