20 ліпеня 1994 года беларускі народ выбраў свайго Прэзідэнта. Сёлета, з нагоды юбілею інстытута прэзідэнцтва, па ініцыятыве грамадскіх арганізацый і палітычных партый у краіне прайшоў шэраг мерапрыемстваў.
Асноўнае з іх — маштабны патрыятычны форум — адбылося ў сталічным Палацы спорту, дзе 30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка прынёс прысягу і ўступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Падтрымалі ініцыятыву такога форуму і абласныя цэнтры. Дэлегацыя нашага раёна пабывала ў Віцебску, дзе сабралася каля 6 тысяч чалавек.
На плошчы Перамогі навучэнцы ваеннай кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава разгарнулі флаг са слоганам «За Бацьку!». Затым прадстаўнікі працоўных калектываў з усіх куточкаў паўночнага рэгіёна, грамадскіх арганізацый і палітычных партый на чале з кіраўніцтвам вобласці накіраваліся ў Летні амфітэатр і поўнасцю яго запоўнілі. Да прысутных звярнуліся старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і ўпаўнаважаны Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч, памочнік Прэзідэнта — інспектар па нашай вобласці Сяргей Ляўковіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў і іншыя.
Віцебская вобласць запісала відэавіншаванне, адрасаванае Аляксандру Лукашэнку. Святочную атмасферу стваралі артысты, якія выступілі на сцэне Летняга амфітэатра.
Абавязаны захаваць суверэнітэт
Падзяліцца ўражаннямі ад патрыятычнага форуму ў Віцебску карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла некаторых яго ўдзельнікаў.
Іна Далецкая, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
— 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва — гістарычная падзея. Добра памятаю 1994 год. Для многіх выбар народа тады стаў нечаканасцю. Але малады на той час Прэзідэнт апраўдаў давер людзей. У мудрага, прадбачлівага кіраўніка дзяржавы ёсць моцная падтрымка — яго выбаршчыкі. Пацвярджае гэта і дэвіз прафсаюзаў «Разам — мы сіла».
Мы жывём у сацыяльна арыентаванай дзяржаве. На першым месцы ў Прэзідэнта — клопат пра чалавека. А што можа быць важнейшае за падтрымку дзяржавы?
Анастасія Пятрова, першы сакратар РК БРСМ:
— Брэнд суверэннай Беларусі — дзяржава для народа. Ён пацверджаны законамі і практыкай: гэта даступнасць адукацыі, медыцынскіх паслуг, ахова мацярынства і дзяцінства, клопат пра людзей пажылога ўзросту і інвалідаў. Былі няпростыя перыяды, але краіна рухалася наперад і дасягнула росквіту. Сёння стабільна працуюць прадпрыемствы, людзі без затрымак атрымліваюць заработную плату, усе дарогі адкрытыя для маладых. Мы ганарымся, што жывём у мірнай, прыгожай краіне. Абавязак маладых — прадаўжаць традыцыі, напрацоўваць новае, рабіць усё магчымае, каб захаваць у Беларусі мір, стабільнасць і суверэнітэт.
Дзіяна Пякарская, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета:
— Форум уразіў сваім размахам, згуртаванасцю людзей. Мы адчувалі сябе адным цэлым і ў чарговы раз даказалі: беларускі народ — адзіны. Бачым, як неспакойна ў свеце. Таму па прыкладзе продкаў абавязаны гераічна абараняць сваю Радзіму, яе галоўныя каштоўнасці — сям’ю, веру, справядлівасць.
Наша краіна стаіць на надзейным гістарычным падмурку. Тут цэняць чалавека працы, з павагай адносяцца да ветэранаў. Вялікая роля ў нашым грамадстве адводзіцца жанчынам.
30 гадоў назад з шасці кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта народ выбраў Аляксандра Лукашэнку. Сёння мы не толькі падводзім вынікі работы за гэты час, але і аддаём даніну павагі нашаму лідару, які змог стварыць квітнеючую, паспяховую дзяржаву.