Галоўная рыса беларусаў — узаемавыручка. Чарговым доказам згуртаванасці стала стыхія, якая ў сярэдзіне ліпеня пранеслася па Гомельскай вобласці. На ўхіленне яе наступстваў адправіліся і прадстаўнікі Пастаўшчыны: работнікі РЭС, лясгаса, прадстаўніцтва Белдзяржстраху.
Найпершая задача – даць электрычнасць
Першымі на правядзенне рамонтна-аднаўленчых работ у Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці адправіліся брыгады Юрыя Чарняўскага і Ігара Пашкевіча ў складзе 11 чалавек. Яны паехалі на брыгадных аўтамабілях з інструментам і матэрыяламі. Браты Ігар і Аляксей Пашкевічы працавалі там два тыдні з дызельным генератарам: забяспечвалі электрычнасцю адну з мясцовых ферм. І толькі калі электразабеспячэнне было адноўлена, вярнуліся дадому. Другая брыгада вызваляла лініі электраперадачы ад паваленых ураганам дрэў, мяняла абарваныя правады і зламаныя апоры. Праз тыдзень брыгаду Юрыя Чарняўскага змяніла брыгада майстра Андрэя Літынскага. Ход аварыйна-аднаўленчых работ ускладнялі экстрэмальныя ўмовы надвор’я: слупок тэрмометра падымаўся да +37 оС, была высокая вільготнасць, навальніцы.
Хапае работы ў лясным фондзе
У лясным фондзе Гомельскай вобласці пасля ўрагану суцэльныя высечкі трэба было правесці прыкладна на 10 тысячах гектараў, выбарачныя — на 13 тыс. га. Прэзідэнтам Беларусі пастаўлена задача ў сціслыя тэрміны разабраць бураломы, рацыянальна распарадзіцца драўнінай.
Аднымі з першых у Жлобінскі лясгас выехалі майстар лесу Пастаўскага лясгаса Віктар Атрашкевіч, вальшчыкі Андрэй Дубовік і Аляксандр Таяновіч, машыністы тралёвачных машын Аляксандр Дзехцяронак і Андрэй Атрахімовіч. Усе яны вопытныя, старанныя работнікі. На даступных участках павалены лес трэба ўбраць да пачатку кастрычніка. А ў балотах бураломы ліквідуюць толькі з прыходам маразоў. Восенню на вызваленых участках будуць высаджаныя маладыя дрэўцы.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў наведаў сваіх камандзіраваных работнікаў, пацікавіўся ўмовамі іх працы і пражывання.
— Пастаўчане жывуць у прыватным доме з выгодамі, — расказваў Аляксандр Іванькоў. — Забяспечаныя ўсім неабходным.
Маштабы стыхіі ўразілі. Дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад непагадзі, магчыма толькі агульнымі намаганнямі. Радуе, што кожны гэта разумее. Усе стараюцца працаваць так, каб з пастаўленымі задачамі справіцца ў сціслыя тэрміны. Работнікі нашага лясгаса, адпрацаваўшы два тыдні ў Жлобінскім, вярнуліся дадому, а на змену ім паедуць іншыя.
Ацаніць урон
У выніку шквалістага ветру пацярпелі жылыя дамы, сацыяльныя аб’екты. Каб ацаніць урон і тэрмінова выплаціць усім страхоўку, ва ўзмоцненым рэжыме прыйшлося працаваць і страхавым агентам. На дапамогу сваім калегам у Рэчыцкі раён адправіліся работнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Аксана Чаркес і Аксана Красільшчыкава з вадзіцелем Віктарам Есьманам.
— Ад жыхароў Рэчыцкага раёна паступіла больш за тысячу заяў аб пашкоджанні маёмасці, — расказваў дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Грыгорый Шэцка. — У выніку падзення дрэў і моцнага граду былі пашкоджаны аўтамабілі, дахі, вокны, сцены дамоў. Каб правесці максімальную работу па ацэнцы панесенага ўрону і арганізацыі неабходных выплат, нашым работнікам быў падоўжаны рабочы дзень. Вярнуўшыся дадому, яшчэ тыдзень яны вялі разлікі, завяршылі іх у мінулую суботу. Дапамагала ім на месцы спецыяліст Марына Шэлег.
Анна Анішкевіч
Фота даслаў Аляксандр Іванькоў