З эканамістам Пастаўскага малочнага завода Наталляй Грынько я пазнаёмілася падчас экскурсійнай паездкі ў Мінск. Прыемна ўразіла адкрытасць і камунікабельнасць жанчыны. Крыху пазней убачыла фота Наталлі на заводскай Дошцы гонару. Праз нейкі час уразілася, як на сцэне раённага Дома культуры падчас Свята працы яна пранікнёна на чысцюткай беларускай мове дэкламавала верш «Родны хлеб». Ведала пра тое, што на працягу шасці гадоў Наталля Грынько з’яўлялася старшынёй прафкама малочнага завода і толькі некалькі месяцаў назад саступіла гэту грамадскую пасаду Інэсе Бяловай, а сама стала казначэем, таксама займаецца культурна-масавай работай.
— Як да сваіх асноўных абавязкаў эканаміста, так і да грамадскіх Наталля Грынько адносіцца адказна, — характарызаваў жанчыну дырэктар прадпрыемства Георгій Касцень. — У яе актыўная жыццёвая пазіцыя.
А Наталля з вялікай павагай гаварыла не толькі пра цяперашняга кіраўніка калектыву, але і пра яго папярэднікаў, з кім ёй давялося працаваць: Эдуарда Казуру, Івана Юхно, Валянціна Пылінскага, Канстанціна Гайлеўскага. Адзначала, што кожны з іх падтрымліваў прафсаюзную арганізацыю, клапаціўся не толькі пра вытворчасць, але і пра ўсіх, хто працуе на заводзе.
— Напэўна, не ўсім падабаецца мая актыўнасць, а кагосьці, можа, нават раздражняе, — прызналася жанчына. — Але я такая з дзяцінства. У школе была старшынёй савета піянерскай дружыны, у старэйшых класах — сакратаром камсамольскай арганізацыі. Дарэчы, мае бацькі шмат разоў мянялі месца жыхарства, і мне даводзілася ўлівацца ў новы вучнёўскі калектыў. Яны прывілі мне любоў да чытання, спорту і падарожжаў. Мне было ўсяго 13 гадоў, калі тата дазволіў упершыню сесці за руль аўтамашыны, і зараз я фанат ваджэння.
Жыццё — гэта рух. «Куды б ні накіравалі пазітыўнага чалавека, ён вернецца адтуль з магніцікам і загарэлы, — жартуе Наталля. — Гэта і пра мяне таксама. Вельмі люблю арганізоўваць экскурсіі і сама ўдзельнічаю ў іх. Нашы завадчане пабывалі ў Кіеве, Львове, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Брэсце, Гродне, Мінску. Сёлета ездзілі ў Карэлію, плануецца паездка ў Казань. Прычым, палову кошту такіх паездак аплачвае прафсаюзная арганізацыя. Люблю сваю краіну. У Беларусі шмат цудоўных мясцін, у якіх варта пабываць».
Іншы раз у Наталлі пыталіся, як ёй удаецца заўсёды заставацца ў добрым настроі. Адказвала: «А чаму мне не радавацца? Ёсць работа, сям’я, усе здаровыя». Але падчас нашай з ёй размовы я ўбачыла і слёзы на вачах жанчыны: некалькі месяцаў назад памёр яе бацька. У прыгожым куточку Кураполля ў вялікім, але апусцелым доме засталася адна маці…
Вяртаючыся да прафсаюзных спраў, Наталля адзначыла:
— Лёгка арганізоўваць паездкі, адзначаць падарункамі юбіляраў, накіроўваць дзяцей у аздараўленчыя лагеры, паляпшаць умовы працы, калі прадпрыемства эканамічна моцнае. А наш завод менавіта такі, і гэта нельга не цаніць.
Фаіна Касаткіна