У мінулыя выхадныя чарговы, шосты, тур першынства ў віцебскім дывізіёне ў наймацнейшай групе «А» зноў аказаўся скарочаным. Неспадзявана яго прапусцілі нашы футбалісты. Па просьбе саперніка яны перанеслі выязную гульню ў Сянно на больш позні тэрмін. Сенненцы згулялі ў турніры па пляжным футболе, а пастаўчане атрымалі магчымасць добра падрыхтавацца да наступнага адказнага паядынку дома з «Ураджаем» (Віцебскі раён).
Наш будучы сапернік на сваім стадыёне ў аграгарадку Ноўка ў сустрэчы з Полацкам правёў хуткі гол. Але палачане яшчэ да перапынку адыграліся, выйшлі наперад, а затым дабіліся буйной перамогі з лікам 1:5.
На наступны дзень сярэбраны прызёр і ўладальнік Кубка вобласці — ФК «Міёры-1» — дома разграміў (6:1) «Гарадоцкіх ільвоў». Аднаасобны лідар і чэмпіён — віцебскі «Газавік» — тур па графіку прапусціў, аднак з 15 набранымі ачкамі застаўся першым у турнірнай табліцы. Міёрцы падняліся на 2-е прамежкавае месца (7 ачкоў, гульня ў запасе). Услед за імі ідуць ФК «Сянно» (6, гульня ў запасе), «Гарадоцкія львы» (6), «Полацк-2019» (4), ФК «Ураджай» (3, дзве гульні ў запасе), ФСК «Паставы» (2, гульня ў запасе).
Нязвыкла бачыць пастаўчан на апошнім месцы, у зоне прамога вылету ў групу «В». Але імі згуляна толькі трэць турнірнай дыстанцыі. Наша каманда можа і павінна прыбавіць.
Неўзабаве ФСК «Паставы» распачне барацьбу і ў розыгрышы Кубка Віцебскай вобласці па футболе, а ў чэмпіянаце краіны ў 2-й лізе згуляе на папярэднім этапе яшчэ 8 матчаў.
Уладзімір Шык