ФСК «Паставы»–«Ураджай» (Віцебскі раён) – 4:0
У гэтым дамашнім паядынку пастаўчанам неабходна было перамагчы. І яны пачалі яго вельмі актыўна, адразу завалодаўшы адчувальнай гульнявой і тэрытарыяльнай перавагай. На вароты віцябчан абрушыўся град бесперапынных атак: нашы падалі некалькі небяспечных вуглавых. Ужо на 5-й хвіліне партнёры вывелі на ўдарную пазіцыю правага паўабаронцу Уладзіміра Камісарчука, але варатар саперніка Арцём Юркавец адвёў пагрозу ад сваіх варот. Пастаўчане яшчэ болей узмацнілі свой націск, а праз чвэрць гадзіны разыгралі ўзорную камбінацыю, якую трапным ударам завяршыў Герман Чалей — 1:0. Менш чым праз хвіліну ён скарыстаўся памылкай абаронцы, выбег без перашкод на вароты і падвоіў лік на табло. Дамінаванне нашай каманды над сапернікам стала яшчэ большым, але Яўген Ясюковіч і Ігнат Курыловіч прамахнуліся з лічаных метраў пасля прастрэльных перадач. Да перапынку віцябчане лічаныя разы пераходзілі на палову поля пастаўчан, але да ўдараў справа не даходзіла.
У пачатку другога тайма гульня выраўнялася. Пасля серыі замен ФСК «Паставы» зноў вярнуў сабе ініцыятыву, прымусіў саперніка працаваць у абароне з павышанай нагрузкай. Вось толькі заключным ударам нашых ігракоў не хапала дакладнасці. А капітан «Ураджаю» Дзмітрый Усачоў аднойчы пасля падачы вуглавога прабіў галавой побач са штангай. Канцоўка матча прайшла пад дыктоўку нашай каманды. На 75-й хвіліне атакуючы паўабаронца Мікіта Давідоўскі пасам вывеў на вароты саперніка Германа Чаляя, які тэхнічна перакінуў мяч над варатаром — 3:0. Ужо ў дадатковы час Герман правёў свой чацвёрты мяч у матчы, абыграўшы некалькіх сваіх апекуноў. Ён увайшоў у лік найлепшых бамбардзіраў Віцебшчыны.
Буйную перамогу дома здабылі Бяляўцаў, Касенка (Цыўнель), Голубеў (к), Рогач, Маршын, Ясюковіч (Зелянкевіч), Каралёнак (Абалевіч), Жылевіч (Звяруга), Камісарчук, Курыловіч (Давідоўскі), Чалей. З упэўненай перамогай павіншаваў нашу каманду кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Гэты поспех перамясціў пастаўчан на 5-е прамежкавае месца, яны на адно ачко адстаюць ад «бронзавай» прыступкі. У другім матчы тура віцебскі «Газавік» на сваім полі пераканаўча разабраўся (5:1) з ФК «Сянно» і завяршыў першы круг без страт ачкоў.
У гэтыя выхадныя нашы згуляюць на выездзе з сенненцамі перанесеную сустрэчу першынства.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя