Чемпионат Беларуси по футболу. ФК «Сенно»–ФСК «Поставы» – 2:2

Спорт и туризм

ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 2:2

Перад гульнёй у Сянно пастаўчан парадавалі вынікі жараб’ёўкі чарговага розыгрышу Кубка Віцебскай вобласці-2024: яны трапілі адразу ў паўфінал прэстыжнага турніру і згуляюць там 27 альбо 28 ліпеня на полі пераможцы пары 1/4 фіналу «Ураджай» (Віцебскі раён)—«Дарожнік» (Орша). А вось сенненцы ў мінулым сезоне выбілі нашу каманду з кубкавага розыгрышу, а потым разграмілі яе на сваім полі з аднолькавым лікам 4:1.

Напярэдадні гэтага матча прайшоў моцны дождж, што ўскладніла гульню на мокрым полі. У складзе пастаўчан пасля больш чым гадавога перапынку з’явіўся вопытны варатар Андрэй Чашун, які доўга лячыўся пасля траўмы. Матч праходзіў у роўнай барацьбе, на сустрэчных курсах. Пастаўчане выставілі на яго амаль аптымальны свой склад, а ў сярэдзіне першага тайма нават выйшлі наперад.

На 23-й хвіліне яны практычна паўтарылі імклівую атаку па правым флангу з папярэдняй гульні з віцябчанамі: на вароты саперніка выбег гуляючы трэнер Уладзімір Камісарчук і трапна стрэліў — 1:0. На жаль, незадоўга перад свістком на перапынак сенненцы адыграліся намаганнямі свайго навічка з дубля «Нафтана» Данііла Ракіцкага.

Чемпионат Беларуси по футболу. ФК «Сенно»–ФСК «Поставы» – 2:2

У другой палове напружанай сустрэчы наша каманда стала атакаваць больш, чым сапернік. Востры праход апорніка Кірыла Каралёнка на 62-й хвіліне быў спынены з парушэннем правілаў у штрафной пляцоўцы. Прызначаны пенальці тэхнічна рэалізаваў бамбардзір пастаўчан Герман Чалей — 2:1. Канцоўка сустрэчы выдалася ўзаемна вострай, аднак сенненцам пашчасціла больш. Паўторна на выручку ім прыйшоў Д. Ракіцкі.

Важнае ачко ў скарбонку каманды на выездзе ў Сянно здабылі Чашун, Касенка, Голубеў (к), Рогач, Маршын (Курыловіч), Камісарчук, Ясюковіч, Жылевіч, Звяруга (Цыўнель), Каралёнак (Хараў), Чалей.

У другім прапушчаным матчы ФК «Міёры-1» дома з лікам 7:0 разграміў «Ураджай». У ліпені ў вядучай групе «А» пройдуць яшчэ два перанесеныя матчы, а нашы з 6 ачкамі знаходзяцца на 5-м прамежкавым месцы. У падгрупах «В» і «С» першы круг завяршыўся, а на павышэнне ў класе там прэтэндуюць адпаведна «Ніва» (Талачын), ФК «Чашнікі» і ФК «Дуброўна», ФК «Шаркаўшчына». У пачатку жніўня пачнецца другі круг першынства, пастаўчан чакае выезд у Міёры.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.