Да Бога праз цярністы шлях? Гэты вядомы выраз азначае няпросты жыццёвы шлях чалавека, звязаны з пакутамі. Прагуляўшыся ўздоўж набярэжнай — ад моста да касцёла Святога Антонія Падуанскага ў райцэнтры, — я пераканалася: на гэтым участку выраз можна ўспрымаць яшчэ і літаральна.
Добраўпарадкаванне грамадскіх тэрыторый — адна з прыярытэтных задач гарадскіх службаў. Дагледжаныя прасторы фарміруюць культуру горада, і іх стан адлюстроўвае стаўленне грамадства да свайго асяроддзя. Аднак, калі зірнуць на набярэжную, якая вядзе да адной з галоўных славутасцей горада — касцёла, — міжволі ўзнікае пачуццё расчаравання…
Першае сумнае ўражанне ствараюць вышчарбленыя прыступкі, якія пачынаюцца з цэнтральнага тратуара і вядуць у бок храма. Мала таго, што яны маюць непрывабны выгляд, дык яшчэ і ўяўляюць небяспеку для шустрай дзятвы і людзей пажылога ўзросту. Калі спускаешся на набярэжную, карціна не лепшая: з левага боку, каля ракі, «красуецца» высачэзная асака разам з крапівой, з правага — паўтараметровы абшарпаны плот з выгаралымі на сонцы фарбамі жоўтага і блакітнага колераў. Уздоўж яго на працягу некалькіх метраў цягнецца зялёная паласа няскошанай травы, якая «ўпрыгожвае» шлях саспелым насеннем. Перакошаныя «абезгалоўленыя» слупы рачной агароджы і трава, якая прабіваецца праз тратуарную плітку, толькі дапаўняюць агульную карціну запусцення… Кажучы пра «абезгалоўленасць», маю на ўвазе своеасаблівыя шапкі з граніту, якія калісьці дадавалі канструкцыі завершаны выгляд. Каму яны маглі спатрэбіцца?
Падыходзячы бліжэй да прыступак, якія вядуць наверх да касцёла, бачу, што трава і крапіва тут яшчэ больш высокія! Сапраўдны бур’ян! Вышыня расліннасці тут вышэйшая за метр дакладна! «Пякучка» перашкаджае нават узяцца за поручні, каб падняцца вышэй. Работы па добраўпарадкаванні тут праводзіліся, відаць, надта даўно, паколькі зараз гэтае месца больш нагадвае закінутае. Не трэба быць прафесіяналам, каб заўважыць, што ад пачатку цёплага сезона каса сюды не завітвала… Такія зараснікі не толькі псуюць агульны выгляд храма, але і падрываюць павагу да святога месца, якое, па сутнасці, павінна служыць аазісам спакою для гараджан і турыстаў.
Упэўненая ў адным: чысціня і дагледжанасць гарадскога асяроддзя — гэта не проста пытанне эстэтыкі, а неабходнасць для падтрымання іміджу нашага горада. У адваротным выпадку такая занядбанасць можа набыць статус непрывабнай нормы.
Крысціна Рубель