Аграрии Поставщины готовятся к уборочной кампании

Важное Сельское хозяйство

Праязджаючы ўздоўж палёў з азімым ячменем, назіраю, як жаўцее яго колас, а значыць, да пачатку ўборачнай кампаніі застаюцца лічаныя дні. У раёне вядуцца падрыхтоўчыя работы да яе.

Тэхніка, на выхад!

На жніве будуць задзейнічаны 59 камбайнаў. Імі трэба змалаціць азімыя збожжавыя на плошчы больш за 15 000 гектараў, яравыя збожжавыя і зернебабовыя – на 4 500, азімы рапс – на 4 000, яравы – на 1 300 га.

За сельскагаспадарчымі арганізацыямі замацаваны адказныя работнікі райвыканкама. Для пастаяннага кантролю заходам уборачных работ і аказання кансультатыўнай дапамогі ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама будуць створаны тэхналагічныя групы. Райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу распрацаваны ўмовы спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, эканамістамі гаспадарак — умовы аплаты працы.

Аграрии Поставщины готовятся к уборочной кампании

У некаторых гаспадарках не хапала камбайнераў. На выручку прыйшлі гараджане: кіраўніцтва лясгаса, УП ЖКГ, ДЭУ-33, КБУП «Рассвет Пастаўскі», аддзел па надзвычайных сітуацыях камандзіравалі сваіх работнікаў. Цяпер на кантролі — гатоў­насць зернеўборачнай тэхнікі. Галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Касцень аб’язджае сельгаспрадпрыемствы і праводзіць яе дзяржагляд. Увагу звяртае на работу светлавой і тармазной сістэм, рулявога кіравання, наяўнасць аптэчак і іх напаўняльнасць, неабходных дакументаў. Важная і забяспечанасць камбайнаў і аўтатрактарнай тэхнікі першаснымі сродкамі пажаратушэння.

Гатоўнасць 100%

Першым на маршруце Дзмітрыя Касцяня было ААТ «Хацілы-­агра». У гэтай гаспадарцы падрыхтоўку камбайнаў да жніва пачынаюць, як толькі завершана папярэдняе: ачышчаюць тэхніку ад рэшткаў саломы, зерня, выяўляюць, якія дэталі патрабуюць замены.

Вялікія фінансавыя ўкладанні спатрэбіліся гаспадарцы падчас падрыхтоўкі да мінулагодняга жніва. У шасці камбайнах 2010 і 2011 гадоў выпуску мянялі падбарабаннікі, малацільнае абсталяванне і іншае. Сёлета патрабаваўся толькі дробны рамонт. Зімой камбайны захоўваліся ў спецыяльным ангары. Завяршыўшы корманарыхтоўку, механізатары заняліся аглядам сваіх жніўных караблёў. Асаблівая ўвага ўдзялялася якаснаму правядзенню неабходных рэгуліровак.

Запасных частак сёлета тут набылі на 65 000 рублёў. Большасць самых хадавых з іх завезлі на склад на той выпадак, калі ў разгар жніва здарыцца паломка, каб можна было аператыўна замяніць дэталь, якая выйдзе са строю. На 25 чэрвеня гатоў­насць збожжаўборачных камбайнаў тут стопрацэнтная.

Аграрии Поставщины готовятся к уборочной кампании

Набыло сельгаспрадпрыемства і новы сучасны камбайн. Прыгнаў яго з Віцебска вопытны механізатар Мікалай Чашун.

— Можа, і ўбіраць на ім будзеце? — пацікавілася ў яго.

— Мяне задавальняе той, на якім працую, — пачула ў адказ. — Яму 4-ы сезон. Я яго добра вывучыў і ўжо прывык.

У ААТ «Хацілы-агра» сёлета трэба ўбраць 1 660 гектараў азімых зерневых, 550 – рапсу, 270 гектараў яравых культур. Летась з такім аб’ёмам справіліся за 19 дзён.

— Нам і сёлета ўжо не церпіцца ўрэзацца ў пшанічнае поле, — казалі камбайнеры. — Толькі б не задажджыла. А мы і тэхніка падвесці не павінны, забяспечым максімальную якасць уборкі пры найменшых стратах збожжа.

Удзячныя нашаму кіраўніку Вячаславу Крыштафовічу, галоўным інжынеру і аграному Валерыю Курто і Канстанціну Кульманскаму за тое, што яны загадзя набываюць неабходныя запчасткі, кантралююць, каб усе палявыя работы выконваліся строга па тэхналогіі. Таму ў нас заўсёды найвышэйшы ў вобласці валавы намалот збожжа і мы нязменна ў ліку тысячнікаў.

У кожнага экіпажа ёсць памочнікі. Большасць хлопцаў — мясцовыя, вучацца ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Ва Ула­дзіміра Банькоўскага другі год памочніцай дачка Вераніка, сёлетняя выпускніца гімназіі. З дачкой-студэнткай будзе працаваць Андрэй Волк.

— Пры прыёме на работу перавагу аддаём хацілаўскім хлопцам, — расказваў Валерый Курто. — Прыглядаемся да іх, у нейкай ступені выхоўваем, прывучаем да нашых парадкаў. І многія вяртаюцца сюды на пастаянную работу. Напрыклад, Аляксандр Буча. Малады, але досыць вопытны камбайнер. А пачынаў з памочніка, 6 сезонаў быў ім. Калі скончыў каледж і прыйшоў працаваць, мы яму адразу даверылі камбайн. Справіўся выдатна! Кожны сезон дабіваецца высокіх намалотаў.

Такія камбайнеры, як Мікалай Пабядзінскі, Мікалай Чашун, задзейнічаны на жніве па 30 і больш сезонаў. Крыху меншы вопыт у Валерыя Ярашэвіча, Міхаіла Субача, Аляксея Власава, Аляксея Мароза. На прафесіяналаў раўняецца малады Арцём Чашун.

Гатовыя да перавозкі збожжа больш за 10 трактароў. У поўнай гатоўнасці зернесушыльная гаспадарка: падключаны газ, перападрыхтоўку прайшлі аператары сушыльных комплексаў.

Развітаўся з «Лідай»

Сяргей Дварко працуе ў «Рассвеце Пастаўскім». Але яшчэ з тых часоў, калі ў склад арганізацыі ўваходзіла сельгаспрадпрыемства «Рассвет» з цэнтральнай сядзібай у Груздаве, ён на перыяд жніва садзіўся за штурвал камбайна.

— Пачынаў на «Лідзе-1300», затым 13 гадоў адпрацаваў на «Лі­дзе-1600», — расказваў. — Жніво люблю. Я вырас у адданай зямлі сям’і: дзед быў камбайнерам, баць­ка — аграномам. З васьмі гадоў ездзіў разам з дзедам на «Ніве». Ад яго і перадалася цяга да тэхнікі. Чацвёрты сезон буду дапамагаць ААТ «Сцяг Перамогі-агра».

Аграрии Поставщины готовятся к уборочной кампании

У мінулым годзе гаспадарка атрымала новы камбайн. Яго даверылі Сяргею. 10 чэрвеня ён зноў пакінуў будаўнічую галіну і штодня праводзіць у майстэрнях у Юньках.

— Тэхніка новая, таму аглядаю і правяраю ўсе вузлы, — гаварыў. — Хочацца, каб камбайн апраўдаў надзеі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.