80 лет освобождения Беларуси. Рядовой минометчик Роман Шик

История

Яшчэ хлапчуком я ведаў, што мой бацька — франтавік, і вельмі гэтым ганарыўся, з радасцю паказваў сябрам яго ўзнагароду — медаль за Перамогу. Малымі мы часта гулялі ў вайну, не ўсведамляючы, колькі крыві было праліта такімі салдатамі, як мой ­бацька — радавы мінамётчык Раман Шык, колькі мільёнаў жыццяў аддадзена дзеля таго, каб мы раслі пад мірным небам.

Гэтай вясной мінула чвэрць стагоддзя, як не стала дарагога мне чалавека, а памяць пра яго жыве. Тата рэдка расказваў пра франтавыя падзеі, уякіх удзельнічаў. Напэўна, тыя ўспаміны былі вельмі балючымі. Але любіў глядзець па тэлевізары праўдзівыя кінастужкі пра вайну, такія як «Яны змагаліся за Радзіму», «Вясна на Одэры».

На фронт ён трапіў толькі з другога заходу. Адразу пасля таго, як фашысты вераломна напалі на нашу краіну, бацьку прызвалі ў армію. Аднак эшалон з мабілізаванымі пад Маладзечнам разбамбілі варожыя самалёты. Па ўспамінах таты, перавага ворага ў паветры была татальнай, самалёты з чорнымі крыжамі палявалі за часцямі Чырвонай арміі, якія адступалі. Тых мабілізаваных, хто пасля бамбёжкі застаўся жывы, распусцілі. Тата пехатой дабраўся да родных мясцін. Адной ноччу, хаваючыся ля будслаўскага касцёла, трапіў пад моцны абстрэл.

80 лет освобождения Беларуси. Рядовой минометчик Роман Шик

Неўзабаве пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Пастаўшчыне зноў прайшла мабілізацыя. У армію прызвалі амаль паўтары тысячы мясцовых жыхароў і былых байцоў партызанскіх злучэнняў. Бацька адправіўся на вайну з двума малодшымі братамі — Дональдам і Гвідонам. На той час якраз фарміравалася Народнае войска Польскае. У яго ўсе трое і папрасіліся.

Аднак ваяваць разам братам не давялося, бо яны атрымалі накіраванні ў розныя падраз­дзяленні. Дональд апынуўся ў складзе 1-й польскай арміі, зімой наступнага года ўдзельнічаў ва ўзяцці Паморскага валу, потым — у бітве за Гданьск і Гдыню, атрымаў сур’ёзнае раненне. Гвідон пасля падрыхтоўкі служыў у рэзервовай часці. Тата трапіў на Беласточчыну, дзе фарміравалася 2-я армія Войска польскага. Яго, радавога, на працягу чатырох месяцаў вучылі на мінамётчыка. Ён павінен быў насіць на плячах ствол мінамёта вагой 19 кілаграмаў і клапаціцца пра тое, каб грозная зброя не давала асечак пры інтэнсіўнай стральбе.

Падчас маштабнай Берлінскай аперацыі мінамётны дывізіён, у якім служыў мой ­бацька, узаемадзейнічаў з 52-й савецкай арміяй у скла­дзе 1-га Украінскага фронту. Пасля моцнай артпадрыхтоўкі і дымавой заслоны дывізіён перайшоў у паспяховае наступленне на Берлін. Надругі дзень жорсткіх баёў, калі ад дыму і ўраганнага агню днём было чорна, як ноччу, па іх разліку ўдарыў вораг. Тату ледзьве не адарвала асколкамі нагу. Параненага і сцякаючага крывёй, яго выцягнулі з поля бою, аказалі першую дапамогу і вывезлі ў бяспечнае месца. Пасля аперацыі ён яшчэ паўгода лячыўся ў познаньскім ваенным шпіталі.

Цяжкае раненне атрымаў падчас бітвы за Маскву трэці татаў брат Казімір, які першым трапіў на фронт з пачатку вайны. Ён цэлы год лячыўся ў ваенным шпіталі, а сям’я нічога не ведала пра яго лёс. Але галоўнае, што ні адзін з братоў не загінуў, усе сустрэлі Перамогу. Аднойчы тата, успамінаючы мінулае, сказаў мне: «Ведаеш, сынок, у маім жыцці было некалькі вельмі шчаслівых падзей: калі сустрэў тваю маму, упершыню ўзяў нарукі нованароджанага цябе, калі ты атрымаў дыплом журналіста і калі мы хрысцілі тваю дачушку ў адноўленым дунілавіцкім касцёле. Але найшчаслівейшы — дзень заканчэння вайны і нашай перамогі ў ёй».

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.