Тры дні ў дарозе, амаль 80 кіламетраў шляху па асфальце і палях, у спёку і моцны дождж, з начлегам у палатках, клубах… — усё гэта пераадолеў 221 удзельнік пілігрымкі Паставы—Будслаў.
Да Маці Божай Будслаўскай адправіліся падлеткі, моладзь, дарослыя, людзі старэйшыя, сем’і з маленькімі дзецьмі. Нехта ішоў упершыню, нехта — у 32-і раз. Усе яны з моцнай верай неслі ў сваіх сэрцах розныя просьбы, падзякі, перапрашэнні, каб праз рукі Марыі аддаць іх Богу.
Чацвёрты раз пілігрымкай кіравалі святары, якія належаць да супольнасці сэрцанаў і працуюць у Паставах, Шаркаўшчыне, Гродне, Ляхавічах, Варапаеве. З імі ішлі і іх парафіяне. Тэма пілігрымкі: «Мы пазналі і паверылі ў любоў». Пастаўчан вызначалі бранзалет на запясці з гэтай цытатай з Першага паслання Святога Яна, чырвоная хустачка на шыі, сэрцанскі крыжык на грудзях, чырвоныя сэрцайкі-наклейкі на твары.
Увогуле ў Нацыянальны санктуарый у Будславе сёлета прыбылі 5 веласіпедных і 19 пешых пілігрымак з усіх дыяцэзій Беларусі — 1 982 чалавекі. Пасля пандэміі каранавіруса пілігрымкавы рух значна актывізаваўся. Вядома, што людзі разабралі 15 000 тон асвечанай вады, падчас урачыстых Богаслужэнняў святая Камунія ўдзялялася 15 000 разоў.
Кожная святая Імша асаблівая. Сёлета, як і летась, я ўдзельнічала ў Імшы для пілігрымаў. Яе цэлебраваў біскуп Уладзімір Гуляй, які атрымаў біскупскае пасвячэнне ў канцы мая. Трэба там быць, каб адчуць моладзевы запал. Мокрыя, стомленыя, але шчаслівыя і няўрымслівыя маладыя людзі дружна спявалі падчас службы, а пасля яе заканчэння яшчэ доўга танцавалі, ахвяруючы свае сэрцы Марыі і Яе Сыну — Езусу Хрысту.
— Сілы на ўсё, вядома, дае Бог, — гаварылі пілігрымы. — У нас жа ў дадатак была цудоўная арганізацыя пілігрымкі. Бязмежна ўдзячныя адказнаму за яе ксяндзу Эдуарду Сінкевічу з Варапаева, пробашчу пастаўскага касцёла Вадзіму Прасяному. У дарозе мы мелі трохразовае харчаванне, пітную ваду. А якімі цікавымі былі канферэнцыі, разважанні іншых святароў! Дзякуй усім ім за ахвярнае служэнне і вялікае цярпенне.
Скончыліся ўрачыстасці ў Будславе. У пілігрымаў прайшла стома, хутка зажывуць і мазалі. А ў сэрцах будуць жыць пачуцці ад позірку ў вочы найлепшай Матулі і надзея на сустрэчу з ёй зноў.
Згодна з рэкамендацыямі Папы Рымскага Францішка, Будслаўская базыліка першай у Беларусі прызначана Юбілейнай святыняй 2025 Святога года, які ў Каталіцкім Касцёле будзе праходзіць з 24 снежня 2024 года па 6 студзеня 2026-га. Урачыстае адкрыццё дзвярэй Юбілейнай святыні адбудзецца 31 снежня перад святой Імшой сустрэчы Новага, 2025 года, закрыццё – на заканчэнне Года ласкі ад Пана 1 студзеня 2026 года. У згаданы перыяд кожны вернік, які наведае гэтую святыню, можа атрымаць поўны адпуст на звычайных умовах.
Анна Анішкевіч