Сёлета ўрач-рэабілітолаг, загадчыца траўматолага-артапедычнага аддзялення медыцынскай рэабілітацыі №2 АДРАЦ «Ветразь» Іна Пода адзначае важкі працоўны юбілей: роўна 30 гадоў яна дапамагае хворым дзецям стаць на ногі, вяртае радасць жыцця малым і іх бацькам.
У сям’і Іны Півусаўны да людзей у белых халатах заўсёды адносіліся з вялікай павагай. Таму, калі настаў час дзяўчыне выбіраць прафесію, блізкія параілі ёй пайсці ў медыцыну. Ды і сама Іна задумвалася пра тое, каб стаць урачом. На факультэт лячэбнай справы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута выпускніца Дунілавіцкай СШ паступіла без праблем. Вучыцца было цікава, падабаліся многія дысцыпліны. Але вызначылася з будучай спецыяльнасцю толькі тады, калі пачала вывучаць педыятрыю.
— Я з дзяцінства любіла дзяцей. Мне цяжка было глядзець на хворых дзетак, як яны пакутуюць, бачыць боль у іх вачах, — кажа Іна Пода. — Хацелася неяк дапамагчы. І, пазнаёміўшыся з педыятрыяй, вырашыла: буду дзіцячым урачом.
Першым месцам работы маладога педыятра стала Пастаўская ЦРБ, куды прыйшла ў 1994 годзе. Назірала за развіццём малых адразу пасля нараджэння, лячыла іх, пры неабходнасці займалася рэабілітацыяй. Гэты напрамак медыцыны з кожным годам цікавіў Іну Півусаўну ўсё больш. І калі ў 2007 годзе з’явілася магчымасць перайсці ў абласны дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр «Ветразь», які не так даўно адкрыўся ў Касцянях, не раздумваючы, скарысталася ёй. Кіраўніцтва ўстановы даверыла новаму ўрачу цэлае аддзяленне.
— У маім траўматолага-артапедычным аддзяленні знаходзяцца дзеці пасля цяжкіх траўм, з прыроджанымі парушэннямі касцёва-мышачнай сістэмы, артапедычнай паталогіяй, рухальнымі парушэннямі пасля неўралагічных праблем, — расказвае загадчыца. — У такіх выпадках лячэнне вельмі працяглае, і рэабілітацыя мае вялізнае значэнне. Істотна палепшыць або цалкам аднавіць здароўе дзіцяці, ліквідаваць усе астаткавыя з’явы няпроста. Гэта доўгая, скрупулёзная работа. Але вынікі ёсць. Бывае, дзіця, якое да гэтага не ўставала з інваліднай каляскі, робіць у нас першыя крокі. Слёзы ўдзячнасці бацькоў у такі момант дорага каштуюць… Разам з блізкімі дзетак кожнаму бачнаму паляпшэнню радуемся і мы, медыкі. Поспехі маленькіх пацыентаў з’яўляюцца самай вялікай узнагародай за нашу працу.
Сёння на рэабілітацыю ў «Ветразь» прыязджаюць дзеці з усёй Беларусі. Многія – неаднойчы. Некаторыя бываюць тут па 7-8 разоў і становяцца работнікам цэнтра амаль роднымі.
Гэтак жа адносяцца самі да ўрачоў, медсясцёр, санітарачак, у чым я пераканалася асабіста. Калі ішла з Інай Півусаўнай па калідоры, насустрач ёй кінуўся маленькі хлопчык і пачаў абдымаць. Рада была сустрэчы з доктарам і жанчына, якая вяла малога за руку. «Бабуля з унукам. Прыехалі з Мінскай вобласці. У нас ужо восьмы раз», — патлумачыла ўрач.
Для кожнага дзіцяці Іна Пода складае індывідуальную праграму рэабілітацыі з улікам яго праблем і паталогіі. А вось рэалізуюць яе ўсім калектывам аддзялення.
— Ён у нас вельмі добры. Многія працуюць у цэнтры з дня яго заснавання. Адказныя, добрасумленныя, шчыра перажываюць за дзяцей і ўсімі сіламі імкнуцца дапамагчы ім, — хваліла падначаленых Іна Півусаўна. — Дзякуючы галоўнаму ўрачу «Ветразя» Сяргею Петухову, мы пастаянна ўдасканальваем сваю работу. Штогод уводзім новыя апараты і методыкі лячэння, часта ездзім на розныя курсы, навучальныя семінары, у тым ліку бываем за мяжой. Пераймаем вопыт калег і стараемся ўкараніць яго ў нашай установе.
Пяць гадоў назад Іне Півусаўне прысвоілі ганаровае званне «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», сёлета — званне «Чалавек года Пастаўшчыны». Гэта стала для яе прыемным сюрпрызам.
— Я ўдзячная за такую высокую ацэнку маёй працы, — гаварыла жанчына. — У ёй работа і заслуга ўсяго калектыву. Цяпер на мне ляжыць вялікая адказнасць — трэба быць годнай атрыманага звання. Буду старацца яго пацвердзіць.
Алена Шапавалава. Фота аўтара