Урач-афтальмолаг Вікторыя Каспіровіч — адна з маладых спецыялістаў Пастаўскай ЦРБ. У штаце райбальніцы яна са жніўня мінулага года. Тым не менш ужо паспела заваяваць давер і павагу не толькі шматлікіх пацыентаў, але і старэйшых калег.
У медыцыну Вікторыя прыйшла ўслед за бацькам Мікалаем Каспіровічам, які раней працаваў у нашай паліклініцы ўрачом-дэрматавенеролагам. Дзяўчына з маленства любіла бываць у яго на рабоце: назіраць за працэсам прыёму хворых, бачыць, як урачы вырашаюць розныя задачы, якія ставіць перад імі захворванне пацыента. Акрамя таго, самой вельмі падабалася біялогія. У школе ўдзельнічала ў алімпіядзе па гэтым прадмеце і займала прызавыя месцы ў раёне.
Дарэчы, вучылася будучы медык спачатку ў Паставах, потым — ва Ушачах, дзе бацька займаў пасаду галоўнага ўрача райбальніцы. Ну а заканчвала школу ў Віцебску, бо Мікалай Мікалаевіч к таму часу перавёўся ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама. Нягледзячы на віцебскую прапіску, пры паступленні ў медуніверсітэт Вікторыя ўзяла мэтавае накіраванне ў Пастаўскай райбальніцы, маючы намер прыехаць сюды на работу. Пра што не шкадуе.
Займацца лячэннем хвароб вачэй наша зямлячка вырашыла на 5-м курсе ўніверсітэта, трапіўшы на практыку ў афтальмалагічнае аддзяленне адной з віцебскіх бальніц. Гэты напрамак медыцыны вельмі зацікавіў Вікторыю, бо яна захаплялася фатаграфіяй і оптыкай, а вока, па сутнасці, — гэта вялікая аптычная сістэма. Да таго ж у самой былі праблемы са зрокам і хацелася разабрацца, як можна сабе дапамагчы. Пасля заканчэння ВНУ інтэрнатуру праходзіла ў аддзяленні мікрахірургіі вока абласной клінічнай бальніцы, дзе атрымала бясцэнны практычны вопыт. Цяпер рэалізуе веды і навыкі на сваёй малой радзіме.
— Мая работа заключаецца не толькі ў праверцы зроку ў людзей, што прыходзяць на прыём, — расказвала Вікторыя. — Ёсць шэраг захворванняў, якія дапамагае выявіць ацэнка вочнага дна і вочнага ціску. Яны ўплываюць на зрок, самаадчуванне чалавека, у прыватнасці, могуць выклікаць галаўны боль. Дно правяраю ва ўсіх пацыентаў — дарослых і дзяцей, ціск — у тых, каму больш за 40 гадоў. Аказваю экстранную дапамогу пры траўмах вока ў выніку аварый, удараў, калі нешта трапіла ў яго. Зваротаў з апошняй прычыны асабліва шмат у летні перыяд, калі людзі актыўна працуюць з «балгаркай», ігнаруючы тэхніку бяспекі. Бывае, у вока трапляюць розныя хімічныя рэчывы або пацыент закапвае сабе даўно пратэрмінаваныя кроплі, якія могуць прывесці да сур’ёзных ускладненняў. Кансультую непасрэдна ў аддзяленні бальніцы, куды мяне выклікаюць ацаніць цяжкасць стану пацыента, раз на тыдзень выязджаю на раён. Даю накіраванні пацыентам на аператыўнае лячэнне, папярэдне абследуючы іх. Таксама выяўляю тых, каму неабходнае даабследаванне на больш высокім узроўні.
У Паставах усё роднае. Тут у мяне бацькоўская кватэра, шмат сваякоў. Ёсць і сябры. Многія — мае аднакурснікі, якія таксама размеркаваліся ў нашу бальніцу і шпіталь. На рабоце адчуваю дапамогу старэйшых калег. Падабаюцца і адносіны кіраўніцтва бальніцы, тое, што яно клапоціцца пра яе развіццё. У прыватнасці, зараз ідзе рамонт афтальмалагічнага кабінета і закупка новага абсталявання.
Вікторыя Каспіровіч
Многія, хто лячыўся і лечыцца ў Вікторыі Каспіровіч, выказваюць ёй шчырыя словы ўдзячнасці за ўважлівасць і прафесіяналізм. Безумоўна, гэта вельмі прыемна маладому ўрачу, які радуецца кожны раз, калі атрымліваецца дапамагчы чалавеку, засмучаецца і перажывае, калі, нягледзячы на ўсе старанні, лепш не стала.
— На жаль, так бывае, — зазначае дзяўчына. — Дапамагчы можна не заўсёды. Часам гэта паталогія, пры якой урач бяссільны. Напрыклад, глаўкома. Сутнасць лячэння ў такім выпадку — максімальна адцягнуць негатыўныя наступствы.
Вікторыя імкнецца пастаянна развівацца, павышаць свой прафесійны ўзровень. За няпоўны год работы ў ЦРБ прайшла двухтыднёвыя курсы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, удзельнічала ў дзвюх навуковых афтальмалагічных канферэнцыях. На мінулым тыдні па ўласнай ініцыятыве ездзіла ў Маскву на міжнародную навуковую канферэнцыю па сятчатцы вока. Купляе кнігі і курсы ў інтэрнэце. Усё для таго, каб ведаць і па магчымасці прымяняць на практыцы новыя тэхналогіі даследавання паталогій, якія выяўляюцца.
Алена Шапавалава. Фота аўтара