Военно-патриотический лагерь состоит из 5 отрядов и объединяет 95 учащихся 5-8-х классов

Образование

Штогод з заканчэннем навучальнага года ў школах распачынаюць работу разнастайныя летнія аздараўленчыя лагеры для дзяцей. І першымі расчыняюць свае дзверы дзённыя прышкольныя лагеры. На Пастаўшчыне сёлета яны адкрыліся 3 чэрвеня на базе ўсіх устаноў адукацыі. Таксама ўпершыню арганізаваны ваенна-патрыятычны лагер, які складаецца з пяці атрадаў, што размяшчаюцца ў чатырох школах і гімназіі горада. Яго работу курыруе раённы цэнтр дзяцей і моладзі.

Лагер аб’ядноўвае 95 вучняў 5—8-х класаў. Пераважна гэта дзеці, якія патрабуюць да сябе павышанай педагагічнай увагі, — з сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але не толькі такія. Ёсць са шматдзетных, апякунскіх, малазабяспечаных сем’яў. Усе яны жывуць па агульным распарадку. Прыходзяць у школы к 9 гадзінам на ранішнюю лінейку і праверку. Пасля іх — абавязковая зарадка і сняданак. А затым пачынаюцца мерапрыемствы згодна з планам работы. У кожнай агульнаадукацыйнай установе ён свой.

У атрадзе «Юны патрыёт» СШ №2 імя Н. М. Асяненкі ўсе 15 дзён змены тэматычныя: бяспекі, экалогіі, творчасці, сяброў, прыгод, смеху, рэкордаў і г.д. У адпаведнасці з тэматыкай арганізуюцца мерапрыемствы. У першай палове дня дзеці наведваюць розныя ваенізаваныя структуры раёна. Пасля абеду педагогі ла­дзяць для іх у школе спартыўныя спаборніцтвы, турніры, квэ­сты, трэнінгі, круглыя сталы.

Военно-патриотический лагерь состоит из 5 отрядов и объединяет 95 учащихся 5-8-х классов

— У нас вельмі насычаная праграма! — расказваў начальнік «юных патрыётаў», кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віктар Жук. — Кожны дзень абавязкова кудысьці ідзём. Ужо пабывалі на экскурсіях у раённых аддзелах унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы, пагранкамендатуры «Паставы», шпіталі, першым радыётэхнічным цэнтры і авіяцыйным атрадзе МНС Рэспублікі Беларусь. Сёння — у ДТСААФ, знаёмімся з правіламі дарожнага руху для пешаходаў і веласіпедыстаў. Заўтра адпраўляемся на дзень адчыненых дзвярэй у в/ч 74384, якая размяшчаецца ў Азёрках. У планах — наведванне выратавальнай станцыі ў Паставах, яшчэ адзін паход у шпіталь, дзе для нас правядуць практычныя заняткі па аказанні першай дапамогі, экскурсія ў лясгас і прагляд у кінатэатры мастацкага фільма «Час вярнуцца». Таксама ў рамках дабрачыннай акцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта» наведаем малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, адзінокіх састарэлых і акажам ім дапамогу ва ўборцы прыдамавых тэрыторый. Навядзём парадак і каля абеліска ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў па вуліцы Гагарына ў райцэнтры.

Ходзяць школьнікі ўсюды пешшу. Па словах Віктара Анатольевіча, многія не прывыклыя да гэтага адпраўляюцца на далёкую экскурсію неахвотна. Але потым, дзякуючы інтарэсу, які прачынаецца на месцы, іх цяжка выцягнуць дамоў. Ну а пасля доўгай прагулкі заўсёды выдатны апетыт. Нягледзячы на тое, што ў лагеры дзеці знахо­дзяцца да 15 гадзін, кормяць іх ажно тры разы на дзень. Акрамя сняданка і абеда, ёсць яшчэ падвячорак.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.