Виталий Шпак и его коллеги строго придерживаются технологии выпаса, обеспечивают надлежащий уход за животными

Сельское хозяйство

У пачатку вясны з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам была на ферме «Палессе» ААТ «Янавіца-агра», і ён прапанаваў сфатаграфа­ваць для газеты 33-гадовага вартаўніка Віталія Шпака. Хлопец сціплы і згадзіўся не адразу. Ажывіўся, калі Эдуард Вальдэмаравіч пачаў распытваць пра новы матаблок, на якім Віталій прыехаў на работу.

— Набыць яго было маёй запаветнай марай, — дзяліўся. — У вёсцы без тэхнікі складана. Жыву з мамай. Маем прысядзібны ўчастак, садзім бульбу і іншую агародніну. Зямлю можна было б і канём апрацоўваць, але летам рабіць гэта няпроста: камары, авадні так дастаюць каня! А матаблок іх не баіцца. І на работу прасцей дабірацца.

У зімова-стойлавы перыяд Віталій працуе дзённым вартаўніком. Сочыць за парадкам на ферме, калі трэба, прымае ацёлы. Хлопец з моцнымі сялянскімі каранямі з дзяцінства дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы (а яна была вялікая), бегаў да іх на ферму, дзе бацька падвозіў кармы, летам пасвіў кароў. Чатыры гады таму ён памёр, сям’я засталася без гаспадара. І Віталій узяў на сябе ўсю мужчынскую работу. Маці па-ранейшаму працуе на палескай ферме і з’яўляецца адным з найлепшых аператараў машыннага даення.

Виталий Шпак и его коллеги строго придерживаются технологии выпаса, обеспечивают надлежащий уход за животными

У пашавы перыяд хлопец пасвіць кароў. Здавалася б, тут няма нічога складанага. Але гэта не так. У статку больш за 200 галоў. На змену Віталій заступае разам з Пятром Дубіновым і Аляксандрам Мацю­шонкам. Такім «трыа» працуюць чацвёрты сезон. У залежнасці ад ураджайнасці травы статак за суткі прыходзіцца пераганяць з аднаго месца на іншае не адзін дзясятак разоў. А колькі кіламетраў трэба прайсці! Сёлетняя вясна выдалася халоднай і дажджлівай, што не спрыяла высокім надоям. Каровы збіраліся ў гурт, шукалі зацішнае месца.

— Не дадае апетыту жывёле і спякота, — гаварыў Віталій. — Але пакуль што надвор’е камфортнае. Сочым не толькі за тым, як каровы паядаюць траву, але і за станам іх здароўя. Ад нас патрабуецца пільнасць і яшчэ раз пільнасць. Практычна ўсю змену праводзім на нагах. Толькі аднаго дроту для электраагароджы перацягваем да дзясятка кіламетраў. Своечасова адбіваць новыя загоны для пашы — гэта толькі палова справы. Яшчэ трэба сачыць, каб у полі заўсёды была свежая вада, у дастатковай колькасці мінеральныя дабаўкі і соль. Бяром на заметку кароў у ахвоце і паведамляем пра гэта тэхніку-асемянатару.

Ноччу некалькі гадзін жывёла адпачывае, але пастухі ўсё роўна трымаюць яе ў полі зроку. А на світанні бяруцца за работу: рыхтуюць клеткі для далейшага выпасу, грэюць ваду да прыезду даярак, дапамагаюць ім загнаць кароў на дойку. Гаспадарка забяспечвае пастухоў гарачымі абедамі і падвячоркамі.

Ад работы пастуха ў вялікай ступені залежыць прадукцыйнасць дойнага статка. Таму Віталій Шпак са сваімі калегамі строга прытрымліваюцца тэхналогіі выпасу, забяспечваюць належны догляд жывёлы. Пра адказныя адносіны да работы сведчаць паказчыкі: у гэтыя дні сярэднясутачны надой у іх статку складае больш за 17 кілаграмаў малака.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.