Сёння ў каледжах Беларусі стартавала прыёмная кампанія. Расчыніў дзверы перад абітурыентамі і Пастаўскі дзяржаўны каледж.
— Выбар прафесіі — адказны момант, — гаварыў яго дырэктар Сяргей Шамовіч. — Выпускнікі мараць у будучым быць запатрабаванымі спецыялістамі нарынку працы, займацца любімай справай і атрымліваць годную зарплату. З кожным годам неабходнасць у кваліфікаваных кадрах на прадпрыемствах расце. Іх кіраўніцтва сёння патрабуе ад работнікаў авалодання сучаснымі тэхналогіямі. Таму, акрамя спецыяльнасцей, якім навучалі і раней, вядзём прыём на новыя, напрыклад, «Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў». У такіх спецыялістах маюць патрэбу ААТ «Паставымэбля», Пастаўскі мэблевы цэнтр. Прадпрыемствы нават гатовыя заключыць мэтавыя дагаворы на навучанне.
Тэхнікі-механікі, вадзіцелі, трактарысты-машыністы, слесары патрабуюцца не толькі на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, але і на гарадскія. Напрыклад, малочнаму і льнозаводу, лясгасу. Ёсць попыт на повараў, кандытараў, прадаўцоў. І ўсе гэтыя спецыяльнасці можна атрымаць у Пастаўскім дзяржаўным каледжы.
Сёлетнія выпускнікі 9-х класаў стаяць перад далейшым выбарам сваёй дарогі. Многія школы ў 10 клас набіраюць толькі тых, у каго высокі сярэдні бал. А калі ён вагаецца каля сямёркі? У такім выпадку можна прадоўжыць вучобу ў Пастаўскім дзяржкаледжы. Цяпер у сельскай гаспадарцы зусім іншыя ўмовы працы, тэхніка і тэхналогіі, чым былі яшчэ некалькі гадоў назад. Адпаведна, мяняюцца і падыходы да прафесійнай падрыхтоўкі. Моцны калектыў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання (многія з іх — выпускнікі каледжа) даюць трывалыя тэарэтычныя і практычныя веды, бо заказчыкі кадраў цэняць універсальных спецыялістаў. Кожнаму выпускніку ўстановы гарантавана першае рабочае месца.
Яшчэ адна навінка сёлетняга набору ў Пастаўскі дзяржкаледж: на аснове агульнай сярэдняй адукацыі завочна і платна за 1 год і 10 месяцаў можна атрымаць прафесію бухгалтара або перакваліфікавацца па ёй.
У дзяржкаледжы мне даводзіцца бываць часта. Апошнім часам там абнавіўся машынна-трактарны парк, майстэрні. Захапляюся мерапрыемствамі, што ладзяцца ва ўстанове. Навучэнцы ўдзельнічаюць у розных спартыўных спаборніцтвах, рыхтуюць выдатныя творчыя нумары, чым даказваюць, што тут можна не толькі вучыцца, але і ўсебакова развівацца. Камфортна ў інтэрнаце, якім забяспечваюцца ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу. Смачна кормяць у сталовай.
Застаецца нагадаць, што прыём дакументаў на спецыяльнасці слесара, трактарыста-машыніста, станочніка, вадзіцеля, прадаўца і кандытара ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 23 жніўня; на спецыяльнасці тэхніка-механіка (дадатковая рабочая прафесія «Слесар па рамонце аўтамабіляў і вадзіцель катэгорыі «С»), повара (дадатковая спецыяльнасць «Афіцыянт») — з 20 ліпеня па 3 жніўня, на бухгалтара — з 20 ліпеня па 13 жніўня.
Прыёмная камісія працуе штодзень, акрамя нядзелі, з 9.00 да 18.00. Яе тэлефон – 2-59-89.
Адбор абітурыентаў праводзіцца на аснове конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце навучальнай установы.
Анна Анішкевіч