У мінулыя выхадныя на Віцебшчыне ў трох падгрупах адбыліся чарговыя матчы рэгіянальнага этапа нацыянальнага першынства. З-за няцотнай колькасці каманд-удзельніц нашы футбалісты і «Ніва» (Талачын) у 4-м туры былі свабодныя ад гульняў. У наймацнейшай групе «А» з трох запланаваных матчаў прайшлі толькі два. Паядынак у Міёрах перанеслі па просьбе ФК «Ураджай» (Віцебскі раён). У цэнтральным матчы ў абласным цэнтры дзеючы чэмпіён — віцебскі «Газавік» — дабіўся чарговай перамогі з лікам 5:3 над «Полацкам-2019» і з 12 набранымі ачкамі ўжо на 6 балаў адарваўся ад найбліжэйшага праследвальніка. У нядзелю, 23 чэрвеня, дома пастаўчане памераюцца сіламі з флагманам, якога яны летась у Віцебску сенсацыйна (3:1) абыгралі.
У другой сустрэчы тура ФК «Сянно» дома меў звышматывацыю ў гульні з «Гарадоцкімі львамі». Напярэдадні галоўная судзейская калегія прысудзіла сенненцам тэхнічнае паражэнне затое, што ў пераможнай сустрэчы з «Ураджаем» у іх складзе гуляў незаяўлены варатар. Ва ўпартым паядынку каманда Сянно ў другім тайме дабілася першай у сезоне перамогі з лікам 3:1. У актыве ФСК «Паставы» засталося 2 ачкі, але яны апусціліся ў зону стыкавых матчаў за права застацца гуляць у эліце. У турнірнай табліцы ўслед за «Газавіком» ідуць «Гарадоцкія львы» (6 ачкоў), ФК «Міёры-1» (4), «Ураджай» (Віцебскі раён) і ФК «Сянно» (па 3). Пастаўчане на ачко апераджаюць палачан і маюць з імі па матчу ў запасе.
Вынік нічыйнага (1:1) матча нашых дома з міёрцамі перагледжаны не будзе, бо цяперашні чэмпіянат праходзіць па іншым рэгламенце. У сярэдзіне лета плануецца пачаць таксама розыгрыш Кубка Віцебскай вобласці па футболе. Наша каманда пакуль не вырашыла, ці будзе змагацца ў кубкавым турніры, пераможца якога восенню выходзіць у чвэрцьфінал Кубка рэгіёнаў Беларусі.
Уладзімір Шык