Нядаўна ў пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адрадзілі такі старажытны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як роспіс па шкле.
У былыя часы на Пастаўшчыне існавала некалькі напрамкаў роспісу: па тканіне, дрэве, наіўны, які цяпер называецца інсіта, і шкле. Адным з майстроў, які гэтым займаўся, быў мастак-самавучка з вёскі Цёплыя Арсеній Шурпік. У канцы мінулага стагоддзя Беларускае тэлебачанне нават зняло дакументальны фільм, дзе ён, немалады ўжо мужчына, расказвае пра сябе і сваё рамяство. Раней яно было вельмі запатрабаваным: да народных умельцаў прыязджалі з усёй акругі, каб купіць іх работы і ўпрыгожыць імі інтэр’ер сваіх дамоў.
З гадамі маляваныя карціны сталі выцясняць рэпрадукцыі работ вядомых мастакоў, і паступова яны засталіся толькі ў калекцыях музеяў ды Дамоў рамёстваў. Так было і на Пастаўшчыне, пакуль адна з яго супрацоўніц — Вольга Гукава — не ўзялася за адраджэнне забытага рамяства. Спачатку Вольга Мікалаеўна асвоіла маляванку, потым — наіўны роспіс, увайшоўшы па абодвух напрамках у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі як носьбіт народных традыцый. А сёлета ўзялася за асваенне набойкі і роспісу па шкле.
— Я чалавек творчы, сама пішу карціны, і мне многае падабаецца. Апроч таго, хочацца развівацца далей, — патлумачыла яна сваё рашэнне. — Да гэтага ў нашым Доме рамёстваў быў гурток роспісу па шкле, дзе мы з дзеткамі распісвалі ўсё, уключаючы посуд. Але тое, чым займаліся ў гуртку, было далёка ад народнай творчасці. Ёй захапілася, калі аднойчы ўбачыла карціны на шкле іншых майстроў. Зразумела: зрабіць такія ж змагу і я. Пачала чытаць адпаведную літаратуру, глядзець у інтэрнэце, як працуе Арсеній Шурпік, каб потым паўтарыць яго тэхніку, але ва ўласнай перапрацоўцы.
На першы погляд, роспіс па шкле здаецца лёгкім заняткам. На самай справе гэта не так. Каб намаляваць карціну, мастак спачатку рабіў яе эскіз на паперы і рыхтаваў шкло: мыў яго з мылам і абястлушчваў. Затым з дапамогай пяра чорнай тушшу наносіў на «палатне» контур будучай работы, пасля высыхання якога запаўняў малюнак каляровымі алейнымі фарбамі. Пад гатовую работу падкладваў фольгу, якая надавала ёй святочнасці, і ў такім выглядзе ўстаўляў карціну ў рамку.
Так было раней. Сёння ж Вольга Мікалаеўна карыстаецца не пяром, а тоненькім пэндзлем, а замест алейных фарбаў бярэ акрылавыя, якія ярчэйшыя па колеры. Таксама яна прадрапвае малюнак, каб ён выглядаў больш вытанчана і рэалістычна. Пры гэтым не мяняе традыцыйны для Пастаўшчыны сюжэт — кветкавы букет.
Такія маляўнічыя букеты атрымаюць у якасці сувеніраў госці XXXIV Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». У падарунак ім падрыхтавана 15 карцін на шкле.
Алена Шапавалава