21 чэрвеня ў Шаркаўшчыне прайшоў абласны этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Пастаўскі раён на ім прадстаўляла сям’я Баранчук. Пасля конкурсу карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч бліжэй пазнаёмілася з ёй і папрасіла падзяліцца эмоцыямі.
Ярка, насычана, эмацыянальна
— Самі мы, канешне ж, не рашыліся б на ўдзел у конкурсе — угаварыла старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская, — расказвалі Анастасія і Дзмітрый. — Не ўсё атрымалася, як хацелася. Але мы стараліся.
Многія заданні для Баранчукоў не былі складанымі, бо яны не баяцца вясковай работы. Напрыклад, Дзіма хутчэй за іншых мужчын скасіў траву на адведзеным участку. Яно і не дзіўна: ужо сёлета паспеў нарыхтаваць сена для каровы, што трымаюць на падворку. Лёгка было і прыгатаваць дранікі, якія з’яўляюцца любімай стравай сям’і. Вось толькі выпякаць іх прыйшлося на калодзе. Але з дымком яны атрымаліся нават смачнейшымі. А падавалі блінцы прадстаўнікам журы са свойскай смятанай. Насця спляла прыгожы вянок. Яна добра ведае ўсе травы. Лекавыя збірае і сушыць. Імі пры неабходнасці лечыць розныя хваробы.
— Конкурс для нас стаў сапраўдным святам, — не хавалі радасці Насця і Дзіма. — Цікава было пазнаёміцца з іншымі сем’ямі. Кожная па-свойму ўнікальная.
Удзячныя за падтрымку першаму сакратару райкама БРСМ Анастасіі Пятровай, а таксама Арцёму і Ксеніі Савельевым, якія ўдзельнічалі ў форуме маладых спецыялістаў вобласці і паралельна дапамагалі нам у падрыхтоўцы дэкарацый, прыглядвалі за нашымі дзецьмі. А з прыгожымі нацыянальнымі касцюмамі дапамог дырэктар Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко Эдуард Гваздзеўскі.
Лёсам разам быць наканавана
Анастасія і Дзмітрый пазнаёміліся 11 гадоў таму падчас вучобы ў аграрным каледжы ў Смілавічах.
— У нас склаліся цесныя сяброўскія адносіны, — успаміналі. — Гэта было не каханне з першага погляду, не заляцанні, а менавіта моцнае сяброўства. Пазней нашы шляхі разышліся, і мы нават нічога не ведалі адно пра аднаго. А потым лёс звёў зноў. Адразу — віртуальна: жылі далёка адно ад аднаго і мелі зносіны праз сацыяльныя сеткі, відэасувязь.
Урэшце Дзіма прыехаў да Насці і прапанаваў выйсці за яго замуж. Ужо 6 гадоў яны разам.
— Мой муж — найлепшы ў свеце, — не без гонару казала жонка. — Добры і ва ўсім надзейны, цярплівы і ласкавы. Наша Элінка была неспакойнай, і Дзіма, прыйшоўшы з работы, адпускаў мяне адпачыць, а сам займаўся з дачушкай. Калі я нарадзіла Дамініка, муж кожны дзень прыязджаў да мяне ў раддом, прывозіў смачныя стравы, якія гатаваў сам. І цяпер шмат часу бавіцца з дзецьмі. Падчас навагодніх свят адпусціў нас у Мінск, каб Эліна і Дамінік убачылі святочную ілюмінацыю, дэкарацыі. Прыкладаў клапатлівых адносін можна прыводзіць безліч.
Прывабілі вясковыя прасторы
Насця нарадзілася ў Варапаеве. З дзяцінства шмат часу праводзіла ў бабулі ў Мышках, якая не шкадавала для дзяўчынкі сваёй пяшчоты і старалася даць ёй усё самае найлепшае. Пры гэтым вучыла ўнучку не цурацца ніякай працы, быць дасціпнай, жыць згодна з Божымі запаведзямі.
— Летнія канікулы я праводзіла ў касцельных лагерах, хадзіла ў пілігрымкі ў Будслаў, Браслаў, Росіцу, — з іскрынкай у вачах успамінала Насця. — Сястра Мар’яна з варапаеўскага касцёла была для мяне другой мамай.
Я ніколі не марыла пра жыццё ў вялікім горадзе, хаця ў Мінску жывуць мама і два малодшыя браты. Мне хораша ў Мышках. Гэта вёсачка так запала ў сэрца, што, дзе б ні была, сюды хацелася вяртацца зноў і зноў.
Дзмітрый родам з Докшыцкага раёна. У дзяцінстве ён вельмі любіў фільмы пра лес і леснікоў. У Смілавічах жылі бабуля і дзядуля хлопца па бацькавай лініі. Яны ўгаварылі ўнука паступаць у аграрны каледж. І ён не шкадуе пра гэты выбар. Пасля каледжа Дзмітрый па размеркаванні трапіў у Лагойскі раён. Потым паехаў да роднай цёткі ў Эстонію, дзе працаваў у яе прыватнай ветклініцы ветурачом-хірургам. Пачуцці да Насці вярнулі яго ў Беларусь.
Жыць маладыя пачыналі ў Навагрудку. А калі захварэла Насцінабабуля, прыехалі ў Мышкі. Дзіма ўладкаваўся ў раённую ветстанцыю, Насця знаходзіцца ў водпуску па доглядзе сыночка, займаецца хатняй гаспадаркай.
— У бабулі была карова, — расказвалі. — Ад яе выгадавалі цялушку, якая восенню павінна ацяліцца. Сусед прапанаваў дзвюх маленькіх козачак, і мы з радасцю іх узялі. Потым на падворку з’явілася авечка з ягняці. А яшчэ ёсць каты і сабакі, якім па сваёй дабрыні далі прытулак. Работы хапае, але мы не беларучкі.
Насці з дзяцінства падабаўся адзін вясковы дом. Яго гаспадары даўно памерлі, і ён прыходзіў у запусценне. Баранчукі адшукалі спадчыннікаў і выкупілі яго. Дзіма і Насця многае ўмеюць рабіць сваімі рукамі і будуць абуладкоўваць жыллё на свой густ. Упэўненая, што ў гэтых працавітых, мэтанакіраваных людзей усё атрымаецца.
Анна Анішкевіч