У пракуратуры раёна старшы памочнік пракурора, саветнік юстыцыі Вячаслаў Галяк працуе два гады. Але ў сілавым блоку ён чалавек не новы — мае багаты прафесійны вопыт.
З ранняга дзяцінства, калі дарослыя пыталіся ў хлопчыка, кім ён хоча стаць, калі вырасце, Слава нязменна адказваў: «Хачу дапамагаць людзям!»З таго часу гэта стала яго дэвізам у жыцці.
Атрымаўшы атэстат, юнак паступіў у Баранавіцкую сярэднюю спецыяльную школу міліцыі, пасля заканчэння якой у 2003 годзе прыйшоў служыць у Пастаўскі РАУС. Кар’еру ў праваахоўных органах пачынаў з пасады ўчастковага інспектара міліцыі, паралельна са службай вучыўся завочна ў Акадэміі МУС. Праз некаторы час кіраўніцтва райаддзела перавяло маладога інспектара ў следчыя. А калі ў 2012 годзе ўказам Прэзідэнта быў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, ён разам з калегамі па «цэху» перайшоў у Пастаўскі РАСК.
У 2019 годзе Вячаславу прапанавалі ўзначаліць Докшыцкі раённы аддзел Следчага камітэта. Кіраваў ім па 2021 год. Вярнуўшыся на малую радзіму, уладкаваўся ў «Рассвет Пастаўскі» спецыялістам па забеспячэнні, потым стаў там юрысконсультам. Магчыма, працаваў бы ім і далей, калі б не запрасілі на работу ў пракуратуру, дзе ўвялі дадатковую пасаду старшага памочніка пракурора.
— У адрозненне ад міліцыі і Следчага камітэта ў пракуратуры намнога шырэйшае поле дзейнасці і намнога больш задач, — кажа пра спецыфіку сваёй цяперашняй работы Вячаслаў Галяк. — Гэта і прафілактыка злачынстваў, і нагляд за законнасцю пры прыняцці рашэнняў як супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, так і следчымі. Таксама мы кантралюем работу арганізацый і іншых юрыдычных асоб са зваротамі грамадзян, выкананне імі працоўных правоў работнікаў, ажыццяўляем нагляд у эканамічнай сферы і сферы АПК, падтрымліваем дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе, удзельнічаем у разглядзе грамадзянскіх спраў і інш. Таму атрыманыя да прыходу на службу ў пракуратуру веды, у тым ліку вопыт работы ў «Рассвеце Пастаўскім», мне вельмі спатрэбіліся. Цяпер прымяняю іх на практыцы.
Службовыя абавязкі Вячаслаў дзеліць з яшчэ адным старшым памочнікам пракурора — Тамарай Зубко. Яна ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах і за сістэмай прымусовага выканання. Ён — за законнасцю прававых актаў, выкананнем працоўных правоў, у эканамічнай сферы, па зваротах грамадзян, у сферы барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. 50 працэнтаў рабочага часу абое праводзяць па-за сценамі службовага кабінета.
— Ажыццяўляць наглядныя мерапрыемствы седзячы ў кабінеце, без рэальнай ацэнкі таго, што адбываецца ў раёне, немагчыма, — працягвае Вячаслаў. — Так нельга аб’ектыўна прыняць рашэнне, бо на паперы ў арганізацыі ці на прадпрыемстве можа быць адна карціна, а на самай справе іншая. Трэба адзначыць, што перад намі стаіць задача не столькі пакараць юрыдычных або службовых асоб, колькі папярэдзіць здзяйсненне імі службовых правапарушэнняў, незаконнае прыцягненне грамадзян да адказнасці. Наша дзейнасць больш накіравана на аказанне садзейнічання людзям у вырашэнні іх праблем, аднаўленне справядлівасці. І кіраўнікі арганізацый раёна адэкватна ўспрымаюць крытыку ў свой адрас, бачаць свае недапрацоўкі, правільна ацэньваюць і разумеюць меры рэагавання, якія да іх прымяняюцца пракуратурай.
Выбраная ў юнацтве прафесія і цяперашняя работа Вячаслава ідэальна суадносяцца з яго ўнутранымі перакананнямі. Жыць сумленна, не баючыся крытыкі і папрокаў, без крывадушнасці і сквапнасці — такімі прынцыпамі кіруецца ён у паўсядзённым жыцці. Іх заклалі бацькі, якія навучылі сына быць сумленным не толькі перад іншымі, але і перад самім сабой. Цяпер Вячаслаў гэтак жа выхоўвае свайго 10-гадовага сына.
Алена Шапавалава