Пастаўчане Аляксандр і Наталля Базелевы — не з тых, хто сядзіць дома. У выхадныя яны не бавяць час на канапе перад тэлевізарам, а бяруць дзяцей, сядаюць у машыну і адпраўляюцца ў суседні раён, вобласць або ў любімыя куточкі на Пастаўшчыне ці проста на дачу.
— Цяга да падарожжаў у мяне з дзяцінства, — расказваў Аляксандр. — Бацькі шмат куды нас, малых, вазілі. Такая ж лёгкая на пад’ём і жонка. Калі стварылі з ёй сям’ю і крыху падрасла старэйшая дачка, сталі памалу выбірацца з дому. Спачатку недалёка ад яго — на Блакітныя азёры, Нарач. Потым — на Браслаўшчыну, Міёршчыну, Глыбоччыну. Наташа вельмі любіць прыроду, лес, асабліва сасновы. Таму часта ездзілі ўсёй сям’ёй у Палангу, дзе цудоўная набярэжная, па якой можна гуляць і дыхаць марскім паветрам, а побач растуць сосны. Не раз бывалі таксама ў Клайпедзе, Рызе, Вільнюсе. Былі і далёкія падарожжы — у Расію, Грэцыю, на Тэнерыфе.
Але ў 2020 годзе з-за пандэміі каранавіруса ўсе граніцы закрылі, і Базелевы аказаліся абмежаваныя ў сваіх паездках тэрыторыяй Беларусі. Тады, узяўшы водпуск, Аляксандр з жонкай і дзецьмі (іх было ўжо двое) адправіліся ў вялікае падарожжа па захадзе сінявокай. За тыдзень наведалі Гервяты, Астравец, Гальшаны, Навагрудак, Ліду, Гродна і Мір. Вярнуўшыся дамоў і крыху адпачыўшы ад штодзённых пераездаў, накіраваліся ў бок Нясвіжа і Жыровічаў, адкуль узялі курс на Брэст, Ружаны і Бярозу. Гэта двухтыднёвае турнэ пакінула масу ўражанняў і ў дарослых, і ў дзяцей. Пасля яго сталі рэгулярна выязджаць за межы раёна па выхадных.
Сёння ў скарбонцы падарожжаў Базелевых наведванне амаль усіх вядомых аб’ектаў Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Сярод іх – Мірскі, Нясвіжскі і Лідскі замкі, Камянецкая вежа, Каложская царква, Жыровіцкі манастыр, касцёл у Гальшанах, Брэсцкая крэпасць, Дукорскі маёнтак, сядзіба «Наносы» і інш.
Могуць пахваліцца прадстаўнікі гэтай дружнай сям’і і тым, што бачылі жывых зуброў у Белавежскай пушчы, самы вялікі ў Беларусі вадаспад, які знаходзіцца ў Міёрскім раёне, і адно з найпрыгажэйшых у рэспубліцы азёр — Каташы пад Кобрынам.
— Свае маршруты мы, як правіла, загадзя не плануем, — працягваў Аляксандр. — Сядаем у машыну і па дарозе вырашаем, які горад ці мястэчка наведаць. Кіруемся тым, што бачылі на фотаздымках ці прачыталі ў інтэрнэце. Для мяне такія паездкі — магчымасць эмацыянальна адпачыць, «разгрузіцца» пасля працоўнага тыдня, пабыць разам з сям’ёй, таму што ў будныя дні гэта не атрымліваецца з-за работы і хатніх спраў.
У Аляксандра з Наталляй трое дзяцей. Старэйшай дачцэ Варвары 11 гадоў, Васілісе — 8, сыну Мікалаю нядаўна споўніўся 1 год. Многія сем’і наяўнасць малога стрымлівае ў іх жаданнях. Але не Базелевых.
— Пасля нараджэння Варвары вельмі многае для мяне было табу, — уключаецца ў размову Наталля. — А калі знаходзілася ў раддоме з Васілісай, патэлефанаваў Саша і паведаміў, што нас запрасілі на вяселле, якое павінна адбыцца праз тры месяцы ў іншым горадзе. Я спытала, як ён уяўляе сабе нашу прысутнасць на ім. У адказ пачула: «Дык што цяпер, калі нарадзіліся дзеці, нікуды не выязджаць?» Тады я падумала: на самай справе ўсе рамкі і абмежаванні — у нашай галаве, мы самі сабе іх прыдумваем. Весці актыўны лад жыцця можна і з немаўляці. Проста цяпер, калі мы кудысьці едзем, падстройваемся пад рэжым дзіцяці: каб яно спала ў дарозе, у пару паела — адным словам, было задаволенае. Тады задаволеныя і ўсе астатнія. У мінулым годзе мы шмат дзе пабывалі з Мікалаем. У прыватнасці, з двухмесячным сынам наведалі Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр пад Навагрудкам.
Па словах Наталлі, да таго, як сталі падарожнічаць па Беларусі, яны і не здагадваліся пра тое, што ў нас так шмат класных, цікавых мясцін, дзе ёсць што паглядзець. У апошні час актыўна развіваецца сэрвіс: з’яўляецца ўсё больш кафэ, аграсядзіб — можна і смачна паесці, і пераначаваць. Неабавязкова ехаць ці ляцець кудысьці далёка за мяжу, добра адпачыць можна і на Радзіме. Галоўнае — пачаць яе для сябе адкрываць.
Алена Шапавалава