«Паазер’е»: залатая старонка культуры Пастаўшчыны

Важное Культура

Створаны ў 1991 годзе як пераемнік фальклорнага ансамбля «Груздаўскія дзяды», ансамбль «Паазер’е» не перастае здзіўляць сваёй іскрынкай і выканальніцкім майстэрствам. Сёлета на XXXIV Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» калектыў упершыню выступіць не на правах гаспадара, а ў якасці канкурсанта, дзе будзе абараняць гонар Віцебскай вобласці.

«Паазер’е» — лаўрэат многіх рэспубліканскіх і міжнародных музычных конкурсаў і фестываляў. Узнагарод у яго творчай скарбонцы столькі, што іх нават цяжка пералічыць. За гады актыўнай канцэртнай дзейнасці ансамблю апладыравалі ў Расіі, Югаславіі, Славакіі, Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Дагестане і іншых краінах. У 1993 годзе калектыў атрымаў званне «народны», у 2003-м — «заслужаны» (дарэчы, першы ў Віцебскай вобласці), а ў 2004-м быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Нязменным кіраўніком «Паазер’я» з’яўляецца лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны-2009», былы дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Анатолій Собаль. Ганарова было сустрэцца з таленавітым чалавекам і распытацца пра асаблівасці ансамбля і яго падрыхтоўку да фестывалю.

«Паазер’е»: залатая старонка культуры Пастаўшчыны

— Ансамбль цікавы тым, што ў яго аснове ляжыць аўтэнтычная музыка — груздаўскія вальсы, — расказваў Анатолій Анатольевіч. — У свой час я запісаў іх на магнітафонную стужку, а затым як прафесійны музыкант пераклаў на ноты. Такім чынам удалося захаваць унікальныя матывы нашых таленавітых продкаў. Сапраўдным дыяментам у кароне «Паазер’я» з’яўляюцца і ўнікальныя дыятанічныя цымбалы, якіх у нас чацвёра. Ганарымся ўсім калектывам, што маем такую багатую музычную спадчыну!

Калектыў «Паазер’я» складае 12 чалавек. Сюды ўваходзяць выключна выкладчыкі школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Па словах Анатолія Анатольевіча, гэты аспект адыгрывае немалаважную ролю не толькі ў прафесійным сэнсе, але і ў арганізацыйным: у любы момант музыканты могуць сабрацца на рэпетыцыю. Асаблівай увагі заслугоўвае і рэпертуар ансамбля, які цалкам грунтуецца на мясцовым матэрыяле.

— «Васількі», «Спатканне», «Гармошачка», «Ніначка», «Восень»… Такія назвы маюць першыя вальсы, якія я запісаў у «Груздаўскіх дзядоў», — працягваў Анатолій Собаль. — Адбіліся на нотным стане і полькі Груздаўскага цымбальнага аркестра: «Агульніца», «Петраградка», «Полька-рум», «Гуся-Сюся», «Груздаўская вясельная», «У-ха-ха» і іншыя. Паступова, каб не граць толькі аўтэнтычную музыку, мы вырашылі пашыраць рэпертуар. Але рабіць гэта так, каб меладычная структура груздаўскіх матываў захавалася.

Сёння ў рэпертуары «Паазер’я» каля 80 кампазіцый. Сярод іх ёсць не толькі інструментальныя, але і вакальныя творы. У іх аснове — вершы нашых таленавітых землякоў: Ніны Захарэвіч, Ігара Пракаповіча, Валянціны Гірвель, пакладзеныя Анатоліем Анатольевічам на музыку.

— Можа, прыадкрыеце для чытачоў крыху фестывальнага закулісся? — цікаўлюся.

— Рэпетыцыі ідуць поўным ходам. У гэтым годзе ў рамках творчай лабараторыі, якая адбудзецца ў нядзелю ў 10 гадзiн ранiцы ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай, мы падорым слухачам зусім новую кампазіцыю, назва якой гаворыць сама за сябе, — «Прывітальная». Тэкст і музыка мае. Хочацца, каб яна запала ў душу кожнаму ўдзельніку фестывалю і надалей асацыявалася з гасціннай Пастаўшчынай. На конкурсе «Хто каго?» выканаем два інструментальныя нумары. Першым стане «Вальс Салаўя і пастаўская крутуха», а другім, у дуэце з цымбалісткай Вандай Мацкевіч, зайграем «Петраградку» на дыятанічных цымбалах і гармоніку.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль «Паазер’е» неаднойчы станавіўся героем тэлеперадач і шматлікіх публікацый у СМІ. Але варта адзначыць, што толькі дзякуючы таленту і каласальнай рабоце музыкантаў, іх цярпенню, самааддачы, невычэрпнай энергіі і жаданню ўдасканальвацца, ансамбль стаў такім, якім яго ведаюць. Шчыра жадаем перамогі, нязгаснага імпэту і моцнага здароўя вам, шаноўныя!

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.