Заўтра ў нашай краіне адзначаецца Дзень меліяратара. Ад дзейнасці людзей гэтай прафесіі залежыць рацыянальнае выкарыстанне зямельнага фонду, добрыя ўраджаі сельскагаспадарчых культур, стварэнне трывалай кармавой базы. Вось і хлебаробы нашага раёна паспяхова гаспадараць на сотнях гектараў меліяраваных зямель. У найлепшыя гады ў калектыве Пастаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм працавала 160 чалавек, якія выконвалі вялікі аб’ём работ.
На жаль, усё гэта ў мінулым. У Паставах застаўся толькі ўчастак Шаркаўшчынскай ПМС з колькасцю 20 чалавек.
— Наш піянерскі атрад, — з гумарам зазначае яго начальнік Алег Малахаў. — Займаемся культурна-тэхнічнымі работамі: чысцім меліярацыйныя каналы, высякаем кусты, знішчаем баршчэўнік Сасноўскага. Спраў хапае, а ўся тэхніка старая, ды і людзей малавата. Не кожны пойдзе ў меліярацыю, бо праца цяжкая, патрабуе вялікай вынослівасці.
Менавіта самыя вынослівыя людзі і складаюць касцяк калектыву. Для іх прафесія меліяратара стала справай усяго жыцця. Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яны застаюцца ў рабочым страі, дабіваюцца поспехаў, паказваюць прыклад маладзейшым. Пра кожнага з іх начальнік участка Алег Малахаў гаварыў з вялікай павагай і ўдзячнасцю.
Найбольшы стаж у галіне — 45 гадоў — у вадзіцеля Мар’яна Кішко, толькі на год меншы — у машыніста экскаватара Франца Федаровіча. 42 гады ў меліярацыі Мікалай Міроненка, які сапраўды віртуозна кіруе экскаватарам, выдатна спраўляецца з любым заданнем. Адказна адносяцца да сваіх абавязкаў вадзіцель Франц Смольскі, трактарыст Аляксей Цімашкевіч. На які б участак ні накіравалі Антона Пяткевіча, якую б работу яму ні даручылі, усюды працуе з поўнай аддачай.
Калі пачынаецца рабочы дзень? У абсталютнай большасці людзей — з 8 гадзін. У меліяратараў летам — з чатырох-пяці, каб пазбегнуць спёкі. А як іх даймаюць у полі розныя куслівыя насякомыя!
У гэтыя дні пастаўскія меліяратары праводзяць культурна-тэхнічныя мерапрыемствы ў полі ля вёскі Карпавічы, якое належыць ААТ «Навасёлкі-Лучай». Аб’ект плошчай 247 гектараў яны павінны здаць гаспадарцы ў чэрвені бягучага года. Выконваюцца работы і на іншых участках.
Фаіна Касаткіна