Адна з першачарговых задач, якія стаяць перад аграрыямі, — догляд пасеваў. Гэта адзін з найважнейшых этапаў аховы зерневых і зернебабовых культур ад пустазелля і абавязковая тэхналагічная ўмова для атрымання высокага ўраджаю.
Усяго ў раёне трэба было апрацаваць супраць пустазелля і шкоднікаў 4 500 гектараў яравых, 1 325 — рапсу і 4 000 — кукурузы. Тэрміны хімпраполкі вар’іруюцца ў залежнасці ад фазы росту і развіцця пустазелля, наяўнасці неабходных прэпаратаў. У апрацоўцы сельскагаспадарчых пасеваў пестыцыдамі ёсць абмежаванні: гэту работу нельга выконваць пасля праліўных дажджоў, пры высокай тэмпературы паветра.
Рацыянальна выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну хлебаробы ААТ «Камайскі-агра». Механізатары Віктар Тамашэвіч і Уладзімір Карыцька з вясны на плошчы больш чым 3 000 гектараў падкармілі азімыя зерневыя і на 905 га — рапс. Затым на 1 240 гектарах «прахімічылі» пасевы яравых. Пасля пераехалі на палі з кукурузай. Калі заставалася апрацаваць лічаныя гектары, Уладзімір Карыцька падчапіў РУМ і стаў сілкаваць каралеву палёў удабрэннем, а Віктар Тамашэвіч завяршаў работы на кукурузным полі каля Муляр.
— Я толькі трактарам кірую ды змешваю хімікаты, — расказваў. — Ваду ў поле падвозіць Вацлаў Янцэвіч. А «Балерына», «Майс» і «Бік» (так называюцца гербіцыды) чыста полюць пасевы. Закончу хімпраполку — таксама пераключуся на падкормку. На перыяд уборкі збожжавых за мной замацаваны МАЗ і прэс-падборшчык. Так што чакаю жніва.
— Унясеннем удабрэнняў і хімпраполкай зерневых і зернебабовых Віктар Тамашэвіч і Уладзімір Карыцька займаюцца не першы год, — расказвала галоўны аграном ААТ «Камайскі-агра» Аксана Касякова. — Робяць гэта якасна. Трактар з самаходным апырсквальнікам за адзін праход апрацоўвае 18 метраў пасеваў. У залежнасці ад надвор’я і контуру палёў кожны з механізатараў за дзень апрацоўваў да 100 гектараў. Неспрыяльнае надвор’е сёлетняй вясной адбілася на тэмпах палявых работ, якія з-за моцных дажджоў часам прыпыняліся. Тым не менш план сяўбы яравых выканалі. На жаль, усходы кукурузы не ўсюды дружныя: у лагчынах царыца палёў набірае сілу, а на ўзгорках толькі прабіваецца.
Актыўна вядуцца работы па падкормцы зерневых і зернебабовых, хімпраполцы і ў іншых гаспадарках раёна. Неабходную дозу ўдабрэнняў на ўсёй плошчы пасеваў яравыя зерневыя атрымалі ў ААТ «Янавіца-агра», «Ярэва-агра». Набліжаюцца да завяршэння гэтай работы ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Навасёлкі-Лучай», СП «Дунілавічы-агра». Сілкуюць кукурузу ў ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», СП «Дунілавічы-агра».
АннаАнішкевіч. Фота аўтара