Нарадзілася 30 жніўня 1994 года ў в. Нурвянцы Браслаўскага раёна. У 2012 годзе скончыла шаркаўшчынскую СШ №1, у 2017-м — Інстытут тэалогіі Белдзяржуніверсітэта. Пасля заканчэння ВНУ настаўнічала ў адной з мінскіх гімназій. У 2022 годзе пераехала ў Паставы. Са студзеня 2023-га працавала намеснікам дырэктара ДУК «Пастаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма». 29 красавіка бягучага года загадам начальніка аддзела культуры райвыканкама назначана дырэктарам гэтай установы.
— Традыцыйнае прызначэнне бібліятэк — захоўваць і прапагандаваць кнігі. Будзем папаўняць кніжны фонд, далучаць да чытання моладзь, развіваць інтарэс да роднага слова, гісторыі і сённяшняга дня краіны, — гаворыць Наталля Паўлаўна. — Аднак культурна-асветніцкая дзейнасць нашых устаноў намнога шырэйшая. Гэта і правядзенне адукацыйных, навуковых мерапрыемстваў, арганізацыя выставак, стварэнне аматарскіх аб’яднанняў і іншае. Краязнаўства, патрыятычнае выхаванне моладзі і ў цэлым духоўнае развіццё асобы — таксама наш клопат.
Працягнем работу па павышэнні кваліфікацыі бібліятэкараў, яшчэ большую ўвагу звернем на стварэнне электронных рэсурсаў нашай бібліятэчнай сістэмы.