Спрадвеку парой вялікага і адносна таннага малака лічыцца летні пашавы перыяд, калі высокім надоям спрыяюць маладая сакавітая трава, вада, соль і канцэнтраваныя дабаўкі, а сонечныя ванны ды шчодрыя росы ўмацоўваюць здароўе жывёлы. Але і роля жывёлаводаў не апошняя.
На Пастаўшчыне цяпер кругласутачна на пашы знаходзяцца 45 гуртоў кароў і 20 — цялушак. Найвышэйшыя сярэднясутачныя надоі атрымліваюць аператары ферм «Навасёлкі» (24,1 кг), «Целякі» (20,85), «Хацілы» (19,53), «Сухарышкі» (18,35), «Палессе» (17,23), «Манькавічы» (17,04) ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра», «Янавіца-агра» і «Сцяг Перамогі-агра». На апошняй змаглі дабіцца прыбаўкі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года 2,60 кілаграма.
Статак гэтай фермы пасвіцца побач з горадам. У нядзелю заглянула сюды на вячэрнюю дойку. Загадчыца фермы Раіса Мурзёнак прывезла ў поле аператараў Ірыну Зізілеву, Таццяну Ігнацьеву і Людмілу Жыцкіх.
— Рамашка, Рамашка! — кліча Ірына сваю любіміцу, і чорна-пярэстая карова накіроўваецца да сваёй гаспадыні. Ірына гладзіць яе і абяцае прысмакі.
— Калі я прыйшла на ферму, Рамашка ўжо была, — расказвала жанчына. — Вось так шэсць гадоў і сябруем з ёй. Яна ласкавая і спакойная. А ўвогуле, жывёла адчувае добрыя адносіны да сябе, хаця ў кожнай свой характар. Я ўжо ведаю іх нораў і знаходжу падыход. На некаторых і прыкрыкнуць часам трэба.
Надоі залежаць ад многіх фактараў. Каровам трэба ўдосталь сакавітай травы, вады, солі і мінеральных дабавак. Усё гэта ёсць. Ваду ў поле да аднаго гурта на трактары рэгулярна дастаўляе Ігар Лісоўскі, да другога — Генадзій Мурзёнак. Яны таксама прывозяць камбікорм, які жывёла атрымлівае падчас ранішняй і вячэрняй дойкі, дастаўляюць у поле аператараў. Механізатары адказныя і за работу перасоўнай даільнай устаноўкі, адвозяць малако з поля ў халадзільнік на ферме.
— Усяго на манькавіцкай ферме 370 кароў, — уключаецца ў размову яе загадчыца Раіса Мурзёнак. — Яны падзелены на два гурты. Ірыну і Таццяну пакіну тут, Людмілу павязу далей (другі статак пасвіцца за Манькавічамі). Туды падыдзе і аператар Галіна Соўка. Яна жыве ў Мястэчку. Усё жыццё жанчыны звязана з жывёлагадоўляй. Атрымала права на льготную пенсію, але прадаўжае працаваць.
Работай аператараў загадчыца задаволеная. Ірына Зізілева — лідар сярод іх у гаспадарцы: за мінулы год надаіла ад кожнай каровы 5 176 кілаграмаў малака, за першы квартал бягучага года — 1 032. На перадавіка раўняюцца і калегі. Абавязкі для іх не новыя. Людміла Жыцкіх жыла і працавала ў Андронах. Калі закрылі мясцовую школу, для зручнасці дачкі жанчына зняла кватэру ў Паставах і ўладкавалася ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Таццяна Ігнацьева перабралася ў наш райцэнтр з Браслаўскага раёна. Жанчыны кіруюцца прынцыпам, што ўсё трэба рабіць у тэрмін, строга па тэхналогіі, тады і вынікі будуць.
Валавы надой за дзень на ферме «Манькавічы» складае 6 305 кілаграмаў. Ад кожнай каровы за суткі атрымліваюць больш за 17 кг малака. Працягваецца перыяд ацёлаў. А памяшканне фермы рыхтуюць да бягучага рамонту.
Анна Анішкевіч