4 чэрвеня на базе дзіцячай кансультацыі паліклінікі Пастаўскай ЦРБ адкрыўся цэнтр ранняга ўмяшальніцтва для дзетак ва ўзросце да 5 гадоў, якія маюць асаблівасці развіцця. Перарэзаць чырвоную стужку на ўваходзе ў яго прыехаў сам начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі.
Гасцей у новым структурным падраздзяленні медустановы чакалі з раніцы і паклапаціліся пра тое, каб яно выглядала па-святочнаму, упрыгожыўшы хол белымі і залацістымі паветранымі шарыкамі. Яны арганічна ўпісаліся ў светлы інтэр’ер з вясёлымі карцінкамі на сценах і дзіцячым сталом з расфарбоўкамі і каляровымі алоўкамі для малых, якія прыйдуць на прыём да спецыялістаў.
Што да рамонту памяшканняў, то яго за чатыры месяцы правялі будаўнікі КБУП «Рассвет Пастаўскі», непазнавальна змяніўшы савецкага выгляду калідор і кабінеты. Грошы на гэта выдзеліў раённы бюджэт. Вялікую спонсарскую дапамогу аказалі ААТ «Пастаўскі малочны завод» і «Навасёлкі-Лучай», якія дапамаглі набыць спецінвентар для работы з дзецьмі, аргтэхніку і іншыя неабходныя рэчы. Ацаніць, што ў выніку атрымалася, разам з Міхаілам Вішнявецкім прыбыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Пасля пераразання стужкі галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Аляксандр Сварцэвіч правёў для іх невялікую экскурсію па цэнтры, загадчыцай якога назначана ўчастковы ўрач-педыятр Марына Урбанайць.
Усяго тут абсталяваны чатыры рабочыя кабінеты: першаснай дыягностыкі, дзе спецыялісты будуць знаёміцца з мамай і дзіцем, рабіць комплексную ацэнку развіцця малога і вырашаць, якая дапамога яму патрэбна, праводзіць індывідуальныя і групавыя заняткі з дзецьмі; дэфектолага, псіхолага і медыцынскай сястры-рэгістратара. У апошнім па аўторках і чацвяргах будзе таксама ажыццяўляцца прыём здаровых дзетак ва ўзросце да 1 года.
Пакуль наведвальнікамі цэнтра ранняга ўмяшальніцтва будуць асаблівыя дзеткі, якія пражываюць на тэрыторыі Пастаўскага раёна, — на дадзены момант іх каля 40 чалавек. У далейшым ён пачне прымаць малых з Шаркаўшчыны, Браслава і Глыбокага. У заходнім рэгіёне Віцебшчыны гэта першая ўстанова такога роду і шостая, якая адкрылася ў вобласці.
— Цудоўна, што ў вашым горадзе з’явіўся такі цэнтр! — гаварыў Міхаіл Вішнявецкі. — Яго спецыялісты змогуць накіраваць свае намаганні на работу з дзецьмі, якія нарадзіліся з асаблівасцямі развіцця. І асноўны ўпор зробяць на малых ад 0 да 3 гадоў. У такім узросце вельмі добрая ўспрымальнасць і найлепшы рэабілітацыйны патэнцыял. Пры сумеснай працы бацькоў, педыятра, псіхолага, дэфектолага аказваецца комплекснае ўздзеянне на дзіця, і яго псіхафізіка паступова адбудоўваецца наноў. Сённяшняя падзея вельмі значная. Вы ведаеце, як у нашай краіне адносяцца да дзяцей, іх здароўя. Стварэнне дадзенага цэнтра яшчэ раз дэманструе клопат дзяржавы пра ўсіх малых, што з’яўляюцца на свет.
Падчас адкрыцця спецыялізаванай установы ў кабінеце першаснай дыягностыкі ўбачыла двухгадовага Ілью Феніна, які займаўся з настаўнікам-дэфектолагам Ганнай Мелец. Тут жа знаходзілася яго мама Вераніка.
— Сынок нарадзіўся неданошаным, у 34 тыдні, — расказвала яна. — Таму нам вельмі патрэбная дапамога спецыялістаў. Спадзяюся, яны разбяруцца з нашымі праблемамі. Вельмі рады з’яўленню цэнтра! Будзем рэгулярна яго наведваць.
Алена Шапавалава. Фота аўтара